Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́І, арамейцы,
качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач.н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,
група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв.сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.Грасмані, А.Гушкоўскі, Ю.Гарноўскі, М.Шульц, К.Эльснер, М.Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн.сац. пластом, з якога фарміравалася бурж.інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл.Народніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКІ́М,
штат Індыі, ва ўсх. Гімалаях. Мяжуе з Непалам, Кітаем, Бутанам. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. каля 500 тыс.чал. (2001) — народы тыбецкага паходжання, выхадцы з Непала і Бенгаліі. Адм. ц. — г. Гангтак. С. — горная краіна. Горы выш. 6—8 тыс.м на Пн (г. Канчэнджанга, выш. 8585 м), каля 2 тыс.м на Пд. Клімат мусонны, у далінах умераны, у гарах халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. каля -4 °C, у ліп. каля 16—18 °C. Ападкаў каля 3000 мм за год. Лістападныя і хвойныя лясы займаюць каля 50% тэрыторыі. Развіта пераважна сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць рыс, кукурузу, батат, сою. С. — гал. пастаўшчык кардамону на сусв. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Лесанарыхтоўкі. Здабыча і перапрацоўка поліметал. руды. Невял. прадпрыемствы харч. і тэкст. прам-сці. Саматужныя промыслы (рэчы хатняга ўжытку, разьба па дрэве, вырабы з серабра, дываны). Транспарт аўтамабільны і ўючны. Турызм.
Стараж. насельніцтва С. — племя лепча. З 13 ст. тут з’явіліся выхадцы з Тыбета — бхотыя. З 16 ст. на тэр. С. пашырыўся будызм у форме ламаізму. У пач. 17 ст. склалася самаст. княства С. на чале з правіцелямі (чаг’яламі) тыбецкага паходжання, якое было ў васальнай залежнасці ад Тыбета. У пач. 19 ст. падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. З 1861 С. — брыт. пратэктарат (афіцыйна пацверджана англа-кіт. канвенцыяй 1890), а пасля заваявання Індыяй незалежнасці (1949) — інд. пратэктарат. Шматлікія паўстанні супраць дэспатычнай улады чаг’ялаў прымусілі Індыю ў 1974 увесці ў С. свае войскі. Была абрана Нац. асамблея С. У крас. 1975 на рэферэндуме большасць яго насельніцтва ўхваліла далучэнне С. да Індыі. З мая 1975 С. — 22-гі штат Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас.заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРО́СІЯ,
гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр. казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал. гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТЭНФЕЛЬС (Reutenfels) Якаў, аўтар кніг «Пра маскавіцкія справы» («De rebus Moschoviticis ad serenissimum Magnum Ducem Cosmum Tertium», Patavii, 1680), ураджэнец Курляндскага герцагства. У 1670—73 жыў у Маскве, бываў пры двары цара Аляксея Міхайлавіча. Кнігу напісаў у канцы 1670-х г. для герцага Тасканы, пры двары якога тады жыў. У творы Р. звесткі пра тэр., насельніцтва, паліт. і эканам. лад Расіі, арг-цыю яе судаводства і ваен. справы; пра С.Разіна, сведкам смяротнай кары якога ён быў; характарыстыкі грамадскіх і паліт. дзеячаў, у т. л.Сімяона Полацкага і А.С.Мацвеева. Шмат увагі аўтар аддае архітэктуры і культуры Масквы, у т. л. паведамляе аб прыдворным тэатры, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. У кнізе ёсць і цікавыя нататкі пра г. Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,
антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.Г.Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс.чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.
Літ.:
Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;
Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;
Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг.Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МЕНСКАЕ,
помнік рус. архітэктуры 16—17 ст.; б. сяло на ПдУ Масквы (з 1960 у межах горада). Размешчана на высокім беразе р. Масква. Упершыню згадваецца каля 1339, у 15—17 ст. сядзіба рус. цароў. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Ушэсця (1532; адзін з першых мураваных шатровых храмаў у Расіі), Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім (1547), храм-званіца Георгія Перамаганосца (16 ст.), Казанская царква (1660-я г.), 2 уязныя брамы (1670-я г.). У 1667—71 тут быў узведзены драўляны палац (арх. С.Пятроў, І.Міхайлаў; у 1681 часткова перабудаваны С.Дзяменцьевым), у аснове якога спалучэнне малых і вял. (у некалькі паверхаў) зрубаў, накрытых разнастайнымі па форме дахамі. Палац меў багата аздобленыя інтэр’еры. Усе разьбярныя работы выконвалі выхадцы з Беларусі майстры К.Міхайлаў, Г.Акулаў, Я.Іваноў (кіравалі работамі Міхайлаў і старац Арсеній). Арцель жывапісцаў узначальваў С.Ушакоў. Палац разабраны ў 1768. Цяпер у К. музей-запаведнік.
Літ.:
Коломенское: Путеводитель. М 1981.
Галоўны фасад палаца ў Каломенскім. 18 ст. Гравюра Ф.Гільфердзінга.