КАРАЧЫЁЛІ ((Caraccioli) Луі Антуан) (1721, Парыж — 29.5.1803),

французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),

расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.​Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.​Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.​Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЕ́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (26.1838, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1917),

рускі і бел. публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Скончыў духоўную семінарыю (1859), вучыўся ў духоўнай акадэміі і ун-це ў Пецярбургу. З 1863 хатні настаўнік у сям’і Ф.​Дастаеўскага, выхавацель яго пасынка, з 1864 выкладчык і інспектар нар. вучылішчаў у Вільні. З 1873 у Мін-ве нар. асветы ў Пецярбургу, у 1889—94 узначальваў Варшаўскую навуч. дырэкцыю. У 1860-я г. выступаў як публ шыст і тэатр. крытык у час. «Время», «Искра», «Русская сцена». У педагогіцы прыхільнік ідэй К.​Ушынскага. На бел. матэрыяле заснаваны пед. і этнагр. нарысы: «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»). Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста» (1864). У канцы 19 — пач. 20 ст. жыў у маёнтку Міцькі на Мазыршчыне. У 1909 у сувязі з адлучэннем Л.​Талстога ад царквы даслаў яму пісьмо і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),

візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн. паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.

Тв.:

Рус. пер. — Хронография. М., 1978.

Літ.:

Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),

польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.​Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш. Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.

Тв.:

Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;

Рус. пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.

Літ.:

Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;

Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;

Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;

Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)