ВЫРАДЖЭ́ННЕ ў квантавай механіцы,

уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз. кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.

Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл. Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт. Штарка з’ява.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад дэ... + генерацыя),

выраджэнне, пагаршэнне з пакалення ў пакаленне біял. прыстасавальных або гасп. прыкмет арганізмаў, папуляцый ці экасістэм пад уплывам неспрыяльных умоў існавання, роднасных скрыжаванняў, хвароб і інш. фактараў. Тэрмінам Д. вызначаюць таксама памежныя з біялагічнымі працэсы і з’явы (напр., распад асобы пад уплывам пэўных сац.-эканам. умоў існавання, у выніку алкагалізму, наркаманіі, псіхатропных фактараў). У сельскай гаспадарцы Д. — выраджэнне сартоў культ. раслін, парод свойскай жывёлы.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФІ́ (сапр. Мелік-Акапян Акоп; 1835, г. Паяджук, Іран — 6.5.1888),

армянскі пісьменнік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў рус. гімназіі ў Тбілісі. Настаўнічаў. Друкаваўся з 1860. У ранніх творах (раман «Салбі», 1867, выд. 1911; аповесць «Гарэм», 1869, выд. 1874) выкрываў нац. і сац. прыгнёт ва ўмовах іран. рэчаіснасці. Раман «Залаты певень» (1879) пра духоўнае выраджэнне тагачаснага грамадства. Тэма нац.-вызв. барацьбы ў раманах «Вар’ят» («Хент», 1880), «Іскры» (т. 1—2, 1883—87). Аўтар гіст. раманаў «Давід-бек» (1881—82), «Самвел» (1886). Яго творчасць прасякнута патрыятызмам, грамадз. пафасам.

Тв.:

Рус. пер. — Золотой петух;

Безумец. М., 1959;

Гарем и другие рассказы. Ереван, 1966;

Самвел. Ереван, 1975.

С.​Сарынян.

т. 13, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. involutio выгін, завіток, згортванне),

1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў, спрашчэнне будовы і функцыі якога-н. органа ў працэсе анта- і філагенезу, напр., розныя ступені рэдукцыі кішэчніка ў некат. паразітычных чарвей, членістаногіх, рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл.

2) Адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак, напр. І. маткі ў пасляродавы перыяд, узроставая І. вілачкавай залозы, эпіфіза.

3) Атрафія органаў пры паталогіі і старэнні, напр. узроставае згасанне палавой актыўнасці, якое суправаджаецца зменамі марфал. структуры палавых органаў, зніжэннем іх функцый, атрафіяй палавых залоз.

4) Выраджэнне мікраарганізмаў, калі яны пад уплывам неспрыяльных фактараў (ядаў, радыяцыі і інш.) набываюць нязвыклую для іх форму.

5) Адна з перабудоў зародка. Тэрмін «І.» часам выкарыстоўваюць як сінонім інвагінацыі (форма гаструляцыі).

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)