Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,
дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Самацветы, гл. Каштоўныя і каляровыя вырабныя камяні
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАКЛА́З (ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗУВІЯ́Н (ад месца знаходкі на г. Везувій),
ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБАЛІ́Т,
масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГАНІ́Т [ад назвы гіст.вобл. Арагон у Іспаніі), мінерал класа карбанатаў, Ca[CO3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, агрэгаты валакністыя, слупкаватыя, каралападобныя («жалезныя кветкі») і інш. Бясколерны, белы, шэры, сіні, фіялетавы да чорнага. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. каля 3,0 г/см³. Разнавіднасць: канхіт — частка перламутравага слоя ракавін малюскаў і жэмчугу. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Адкладваецца гарачымі крыніцамі і гейзерамі, у міндалінах базальтаў і інш. Афарбаваныя, прасвечвальныя разнавіднасці арганіту (мармуровы онікс) — вырабныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),
мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.
Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл.Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл.Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш.Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.