ГО́РНАЯ ВЫ́РАБАТКА,

штучная поласць у зямной кары, утвораная ў выніку горных работ. Адрозніваюць горныя вырабаткі разведачныя (для пошуку і разведкі карысных выкапняў) і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішчаў); падземныя і адкрытыя.

Падземныя бываюць вертыкальныя (шурфы, шахтавыя ствалы, гезенкі), гарызантальныя (штольні, штрэкі, квершлагі, орты), нахіленыя (брэмсбергі, скаты, нахілы, шурфы і інш.); ачышчальныя, дзе адбываецца выманне карысных выкапняў (лавы, камеры), і падрыхтоўчыя, у якіх рухаецца транспарт, устаноўлена вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Да горнай вырабаткі адносяць і буравыя свідравіны. З адкрытых горных вырабатак найб. пашыраны капітальныя і разразныя траншэі, а таксама раскрыўныя і здабыўныя ўступы.

П.​Я.​Антонаў.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОРТ (ням. Ort літар. месца) у горнай справе, гарызантальная падземная горная вырабатка, якая пракладзена ўпоперак распасцірання радовішча і не мае непасрэднага выхаду на паверхню.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА ў горнай справе,

доўгая ачышчальная падземная горная вырабатка, у канцы якой (у забоі) адбываецца здабыча (выманне) карысных выкапняў (вугалю, каменнай солі і інш.). Даўжыня Л. — 25—350 м і болей (залежыць ад горна-геал. умоў і сістэмы распрацоўкі радовішча).

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕРШЛА́Г (ням. Querschlag),

гарызантальная, часам нахіленая падземная горная вырабатка, якая не мае непасрэднага выхаду на зямную паверхню і пракладваецца ў шахтах па пародах пад прамым вуглом да лініі распасцірання пластоў. Служыць для адкаткі грузаў, перамяшчэння людзей, вентыляцыі і інш. Выкарыстоўваецца звычайна на працягу тэрміну службы гарызонту або паверха.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА (ад лац. camera пакой, палата),

1) асобнае памяшканне спец. прызначэння, напр., К. захоўвання багажу, знаходжання зняволеных.

2) Закрытая прастора ў якой-н. машыне ці прыладзе, напр., іскравая камера, камера згарання рухавіка.

3) Гумавая абалонка, куды напампоўваюць паветра (пад пакрышкай кола, мяча).

4) Назва фатагр. ці кіназдымачнага апарата.

5) Падземная горная вырабатка параўнальна вял. папярочных памераў і малой даўжыні. Прызначаецца для размяшчэння абсталявання, гасп., сан. ці інш. мэт.

6) Асноўны агрэгат ракетнага рухавіка, дзе патэнцыяльная энергія рабочага цела пераўтвараецца ў кінетычную энергію выхаднога газавага струменя для стварэння рэактыўнай цягі. У хім. рухавіка складаецца з К. згарання і рэактыўнага сапла.

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАВА́Я СВІДРАВІ́НА,

цыліндрычная горная вырабатка, створаная з дапамогай буравых інструментаў. Пачатак буравой свідравіны наз. вусцем, канец — забоем, бакавую паверхню — сценкай. Бываюць геолагаразведачныя (пошукавыя, структурныя, апорныя і інш.), эксплуатацыйныя (для здабычы нафты, газу, вады, расолаў), дапаможныя (назіральныя, вентыляцыйныя і інш.) і спецыяльныя (для размяшчэння зарадаў выбуховых рэчываў, замарожвальныя, дрэнажныя і інш.). Бураць буравыя свідравіны з паверхні сушы ці мора, з падземных горных вырабатак у розных напрамках: вертыкальным (уверх або ўніз), гарызантальным або нахільным з пастаянным або пераменным вуглом нахілу. Для стварэння буравой свідравіны выкарыстоўваюцца розныя тыпы буравых установак.

Нафтавая буравая свідравіна: 1 — буравая вышка; 2 — талевая сістэма; 3 — буравая лябёдка; 4 — помпавая станцыя; 5 — адстойнік.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)