МНОГАВУГО́ЛЬНІК,

замкнёная ламаная лінія. Звёны ламанай лініі наз. старанамі, а іх канцы — вяршынямі М. Утвараецца, калі n пунктаў A1, A2, ..., An паслядоўна злучыць адрэзкамі прамых A1A2, A2A3, ..., An-1An, AnA1. Прыклады М. — трохвугольнік, прамавугольнік, ромб.

М. наз. накіраваным, калі зададзены напрамак яго абходу (на кожнай старане пазначаны яе пачатак і канец, пры гэтым пачатак кожнай з іх супадае з канцом папярэдняй). М. наз. плоскім, калі ўсе яго вяршыні ляжаць на адной плоскасці. Плоскія М. бываюць саманеперасякальныя (кожная старана і вяршыня іх не маюць пунктаў, якія належаць да інш. старон і вяршыняў) і самаперасякальныя. Сума ўнутраных вуглоў любога саманеперасякальнага М. з n старанамі роўная n(n-2). Саманеперасякальны плоскі М. падзяляе пункты плоскасці, якой ён належыць, на ўнутраную і знешнюю часткі. Плоскія М. бываюць выпуклыя (любы адрэзак з канцамі цалкам належыць унутранай вобласці М.) і нявыпуклыя. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго стораны і ўнутраныя вуглы роўныя (напр., квадрат).

Многавугольнікі: 1 — стораны (A1A2, ..., A6A1) і вяршыні (A1, ..., A6) адвольнага шасцівугольніка; 2 — выпуклы шасцівугольнік; 3 — правільны выпуклы пяцівугольнік; 4 — правільны зорчаты пяцівугольнік.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГРА́МА (ад грэч. pente пяць + gramma лінія),

правільны выпуклы пяцівугольнік, на старанах якога пабудаваны роўнабаковыя трохвугольнікі аднолькавай вышыні. Можа быць утворана прадаўжэннем старон правільнага пяцівугольніка. або яго дыяганалямі. У сярэднявеччы — магічны знак.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЭ́ДР (ад палі... + грэч. hedra аснова, грань),

аб’яднанне канечнай колькасці выпуклых мнагаграннікаў у n-мернай прасторы, размешчаных так, што ўсякія 2 з іх або не перасякаюцца, або іх перасячэнне з’яўляецца гранню кожнага з іх. Аднамерныя П. — ламаныя лініі. У двухмерным выпадку П. — замкнуты многавугольнік (не абавязкова выпуклы) разам з абмежаваным ім кавалкам плоскасці. Трохмерны П. — мнагаграннік.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),

1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.

2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл. Меніскавыя сістэмы).

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКТЭА́Т (ад лац. bractea тонкая бляха),

сярэбраная манета, якую ў 12—14 ст. чаканілі на тонкім манетным кружку толькі з аднаго боку (верхнім штэмпелем) так, што малюнак на ёй атрымліваўся на аверсе выпуклы, на рэверсе ўвагнуты. З’явіўся ў краінах Зах. Еўропы ў выніку змяншэння масы дэнарыя ў канцы 11 ст. Сярэдневяковаму брактэату папярэднічалі залатыя брактэат ў ант. Грэцыі (4—2 ст. да н.э.), брактэаты — упрыгожанні герм. плямёнаў (5—6 ст.).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛАГРА́М (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + gramma лінія),

чатырохвугольнік, стораны якога папарна паралельныя. Выпуклы чатырохвугольнік будзе П. пры адной з наступных умоў: абедзве пары процілеглых старон — парамі роўныя адрэзкі; адна пара старон — роўныя і паралельныя адрэзкі; вуглы пры процілеглых вяршынях роўныя; пункт перасячэння дыяганалей дзеліць кожную з іх папалам. Асобныя віды П.: прамавугольнік (усе вуглы прамыя), ромб (усе стораны роўныя), квадрат (роўнастаронні прамавугольнік). Плошча П. роўная здабытку асновы на вышыню.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ЗАКО́Н,

залежнасць капілярнага ціску ад міжфазнага паверхневага нацяжэння і сярэдняй крывізны паверхні ў дадзеным пункце; адзін з асн. законаў капілярных з’яў. Устаноўлены П.С.Лапласам у 1806.

Паводле Л.з., перапад гідрастатычнага ціску σρ (капілярны ціск) на паверхні падзелу дзвюх фаз (вадкасць — вадкасць, вадкасць — пара ці газ) σρ=σ(l/R1+l/R2), дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння; R1 і R2 — радыусы крывізны 2 узаемна перпендыкулярных нармальных сячэнняў паверхні ў дадзеным пункце (Δρ > 0, калі меніск выпуклы, Δρ < 0, калі меніск увагнуты).

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДА курэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц. папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.

Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.

Маскоўская парода.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)