ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,
геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл. Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст. ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш. Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.
В.В.Гарохавік.
т. 4, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
т. 3, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)