ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш. хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
А.А.Цітавец.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭСІРО́ЎКА (ад франц. dresser выпраўляць, навучаць),
уздзеянне рознымі метадамі на жывёл для выпрацоўкі і замацавання ў іх пэўных умоўных рэфлексаў і навыкаў. Д. скарыстоўваюць пры падрыхтоўцы праграм у цырку, у службовай сабакагадоўлі. «Дзікая», ці болевая Д., калі жывёла выконвае практыкаванні пад страхам пакарання, панавала ў цырку да канца 19 ст. «Мяккая», гуманная Д. будуецца на прыёмах ласкавага абыходжання і заахвочвання ежай; яе заснавальнік — ням. дрэсіроўшчык К.Гагенбек, у Расіі — У.Л.Дураў. Комплексная Д. спалучае абодва прынцыпы, распаўсюджана ў сучасным цырку.
Д. ў цырку як жанр мастацтва вядома са старажытнасці (Кітай, Індыя, Егіпет, Стараж. Грэцыя і Рым, Візантыя). Дрэсіраваных сабак, мядзведзяў і інш. жывёл паказвалі ў сярэднія вякі ў Еўропе. У 13—14 ст. асабліва была развіта Д. коней. На Беларусі з 1-й трэці 16 ст. ўпамінаюцца скамарохі, якія выступалі з дрэсіраванымі звярамі. У 1770-я г. вядомы павадыр мядзведзя Т.Марачэўскі. Існавалі школы Д. мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска і інш., найб. вядомая з іх т. зв. «Смаргонская акадэмія». Зберагліся выявы бел. дрэсіроўшчыкаў на вырабах 18 ст. Урэцкай і Налібоцкай гут, на франц. афішах, польск. і ням. гравюрах. У Мінскім і Гомельскім цырках паказваюць атракцыёны з удзелам дрэсіраваных жывёл.
т. 6, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)