Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРА́ЛЬНІК,
гідралагічная прылада ці ўстаноўка для вымярэння выпарэння з розных натуральных паверхняў. Дзейнічае на прынцыпах вызначэння выпарэння па вазе або аб’ёме выпаранай з сасуда вады, змяненні канцэнтрацыі солі ў сасудзе, змяненні вагі маналіту глебы і інш. З паверхні вады выпарэнне вымяраецца воднымі выпаральнікамі (плывучыя выпаральнікі, выпаральныя басейны і інш.), з паверхні сушы — глебавымі выпаральнікамі (вагавыя, гідраўлічныя і інш.) і іх разнавіднасцю балотнымі выпаральнікамі. Для вызначэння колькасці ападкаў да выпаральнікаў звычайна дадаецца дажджамер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫЗЁР,
пакаёвы кандыцыянер накіраванага дзеяння, прызначаны для ўвільгатнення, частковага ахаладжэння і ачысткі ад пылу паветра. Работа К. заснавана на эфекце выпарэння вады. Мае вентылятар для засмоктвання паветра, помпу, фільтры, прылады для аўтам. рэгулявання т-ры і адноснай вільготнасці паветра. Прапускае да 500 м³ паветра за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ДНЫ КЛІ́МАТ, сухі клімат,
клімат абласцей з недастатковым атмасферным увільгатненнем і высокімі тэмпературамі паветра. Характарызуецца вялікімі сутачнымі ваганнямі тэмпературы; велічыня магчымага выпарэння значна перавышае гадавую суму ападкаў. У абласцях з арыдным кліматам пераважаюць ландшафты пустыняў і паўпустыняў, актыўна ідзе фізічнае выветрыванне, пашыраны эолавыя формы рэльефу (гл.Арыдны рэльеф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ЧКІў раслін,
цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАДКАМЕ́Р,
прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФА́ЛЬТ (ад грэч. asphaltos горная смала),
будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРО́МЕТР (ад грэч. psychros халодны + ...метр),
прылада для вымярэння т-ры і вільготнасці паветра. Складаецца з 2 злучаных тэрмометраў, рэзервуар аднаго з іх абгорнуты змочаным батыстам. У выніку выпарэння вільгаці т-ра змочанага тэрмометра заўсёды ніжэйшая за т-ру сухога. Т-ру паветра вымяраюць па сухім тэрмометры, вільготнасць — па паказаннях сухога і змочанага тэрмометраў (псіхраметрычная рознасць) з выкарыстаннем спец. псіхраметрычных табліц. Пры т-рах, ніжэйшых за -5 °C, для вымярэння вільготнасці паветра карыстаюцца гігрометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.