ВЯРЧЭ́ННЕ ЗЯМЛІ́,
вярчальны рух Зямлі вакол сваёй восі з З на У, ці супраць гадзіннікавай стрэлкі, калі глядзець з Паўн. полюса свету; адзін з рухаў Зямлі. Вярчэнне Зямлі выклікае змену дня і ночы, вызначае працягласць сутак. Адбываецца нераўнамерна: пад уплывам месяцавых і сонечных прыліваў працягласць сутак павялічваецца на 1—2 мс за стагоддзе, а з-за сезонных змен (выпаданне ападкаў і да т.п.), тэктанічных працэсаў і інш. на працягу года вагаецца ў межах 1—2 мс. Становішча восі вярчэння Зямлі (і зямных геагр. полюсаў) мяняецца з-за прэцэсіі і нутацыі.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),
сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял. значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)