АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),
у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).
2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВА́НКА»,
бел. нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.
Я.Р.Вількін.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА комплекс тэрміновых, простых мерапрыемстваў для выратавання жыцця чалавека і папярэджання ўскладненняў пры няшчасных выпадках, траўмах ці раптоўных хваробах.
Ажыццяўляецца на месцы здарэння самім пацярпелым (самадапамога) або інш. асобай, якая знаходзіцца побач (узаемадапамога). Ад своечасовай і якаснай П.м.д. часта залежыць ход хваробы, яе лячэнне, аднаўленне працаздольнасці. Агульныя меры П.м.д.: вынесці хворага з абставін, якія выклікалі няшчасны выпадак, перапыніць дзеянне шкоднага фактару; ліквідаваць цяжкі і небяспечны для хворага стан (напр., крывацёк); налажыць шыну, павязку, жгут; даставіць у бальніцу або выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.
т. 12, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́Н (Флавій) (Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым. прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна I, пасля яго смерці (375) правіў зах. ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж. рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
т. 5, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,
спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж. к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.
Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.
т. 6, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)