ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЕ́ННЕ,

працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл. Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАДЭНІ́Т

(ад гідра... + адэн... + ...іт),

сучынае вымя, гнойнае запаленне апакрынных потавых залоз чалавека. Узбуджальнік — залацісты стафілакок, развіваецца ў падпахавых упадзінах, радзей — каля грудных саскоў, палавых органаў, машонкі, задняга праходу. Узнікненню хваробы спрыяюць паніжаны імунітэт, патлівасць, неахайнасць, парушэнне функцыі залоз унутр. сакрэцыі, цукр. дыябет і інш. Прыкметы хваробы: у тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы з’яўляюцца балючыя вузлы (5—15 мм, да 5 см) ружова-чырв. колеру, якія размякчаюцца і ўскрываюцца з гноем. Пасля язвачак застаюцца рубцы. Лячэнне: фізія- і імунатэрапія.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭРСЕ́ЙСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы,

старажытная культурная парода малочнага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі (в-аў Джэрсі). Паходзіць ад мясц. жывёлы Нармандыі і Брэтані. Займае першае месца ў свеце па тлустамалочнасці. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі і інш.

Быкоў Дж.п. выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з каровамі інш. малочных парод для павышэння тлустамалочнасці.

Канстытуцыя жывёлы далікатная, сухая: галава маленькая, лёгкая, шыя доўгая плоская, грудзі вузкія, вымя добра развітое, ногі тонкія, кароткія. Масць светла-бурая, бурая, часам з белымі лапіпамі. Жывая маса быкоў 600—700 кг, кароў 360—400 кг. Сярэднегадавы надой 3—3,5 т (рэкордны — 11,2 т), тлустасць малака 5—6%.

Карова джэрсейскай пароды.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн. ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.

Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.

Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.

М.П.Грынь.

Карова айршырскай пароды.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЁЛ,

роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)