ДЫ́КЦЫЯ (ад лац. dictio вымаўленне),

вымаўленне, ступень выразнасці ў вымаўленні слоў і складоў пры дэкламацыі, спяванні. Добрая Д. (выразнае і дакладнае вымаўленне) мае асабліва важнае значэнне для акцёра, спевака, дыктара, настаўніка, лектара і інш.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОСНАЯЗЫ́КАСЦЬ, дыслалія,

няправільнае вымаўленне гукаў мовы. Адрозніваюць К. мех., звязаную з анат. дэфектамі маўленчага апарата (языка, сківіц, зубоў, паднябення), і функцыян. — няправільнае ўспрыманне гукаў. Часта суправаджаецца адхіленнямі ў пісьме. Пераадоленнем К. займаецца лагапедыя.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),

сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАН (грэч. kōlon частка цела; элемент перыяду),

рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення: моўны такт, выдзелены паўзамі, аб’яднаны лагічным націскам. У бел. мове сярэдні аб’ём К. каля 8 складоў, у маст. прозе — 2—4 поўнанаціскныя словы, у навук. і публіцыстычнай — больш. У мове, не разлічанай на гучнае вымаўленне, падзел на К. невыразны. Адзін з асн. сродкаў аратарскага маўлення.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам на месцы фанемы <о> гука [о]. У адрозненне ад акання О. ўласціва размежаванне пры маўленні фанем <о> і <а> ў ненаціскных складах: «вода — трава». Распаўсюджана ў паўн. гаворках рус. мовы. На Беларусі сустракаецца ў паўд. гаворках Брэсцкай і Гомельскай абл. Ў асобных гаворках Столінскага і Лунінецкага р-наў назіраецца гіпероканне — замена этымалагічнага [а] на [о]: [бозар].

Літ.:

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лад. articulo расчляняю),

1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.

У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).

2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.

А.​І.​Падлужны (мовазнаўства).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В,

трэцяя літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).

А.​М.​Булыка.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНЭ́ ((Martinet) Андрэ) (н. 12.4. 1908, Сент-Альбан-дэ-Віяр, Францыя, французскі мовазнавец. Вучыўся ў Сарбоне (Парыж) і Берлінскім ун-це. З 1947 праф. Калумбійскага ун-та (Нью-Йорк),

з 1955 — Сарбоны. Навук. працы па агульным і франц. мовазнаўстве, фаналогіі. Сфармуляваў асн. палажэнні функцыянальнай фаналогіі, увёў прынцып разгляду цэлых сістэм у дыяхранічнай фаналогіі, апісаў механізм фаналагічнай ланцуговай рэакцыі і інш. фактары фанетычных змен. Аўтар прац «Вымаўленне ў сучаснай французскай мове» (1945), «Фаналогія як функцыянальная фанетыка» (1949), «Пра функцыянальны погляд на мову» (1962) і інш. Прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дапаможнай мовы (1946—48), Еўрап. лінгвістычнага т-ва (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Принцип экономии в фонетических изменениях. М., 1960;

Основы общей лингвистики // Новое в лингвистике. М., 1963. Вып. 3.

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,

адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на Пд Францыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш. Літ. мова з 11 ст., з 13 ст. наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн. Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)