ГА́РВАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

старэйшы універсітэт у ЗША. Засн. ў 1636 як каледж у г. Кеймбрыдж (штат Масачусетс). З 1639 носіць імя англ. пурытанскага святара Дж.Гарварда (1607—38), які завяшчаў каледжу палавіну сваёй маёмасці і б-ку. Да канца 18 ст. гал. месца ў навуч. працэсе займалі Біблія і стараж. мовы, у канцы 18 ст. сталі выкладацца новыя мовы і матэматыка. У 1-й чвэрці 19 ст. да каледжа далучаны мед. і юрыд. ф-ты і ён пераўтвораны ва ун-т. З 2-й чвэрці 19 ст. Гарвардскі універсітэт стаў цэнтрам культуры ЗША. У складзе ун-та астр. абсерваторыя, выд-ва (з 1913), музеі (параўнальнай заалогіі, мастацкі, герм. культур, геалагічны і інш.), б-ка — адна з самых вял. у свеце (11 млн. тамоў; акрамя цэнтр. кніжнага збору мае асобныя б-кі — рэдкіх кніг і рукапісаў, мед., кіт.-яп. і інш.). Ф-ты: тэалагічны, гуманіт. і дакладных навук, энергетыкі і прыкладной фізікі, мастацкі, права, мед., аховы здароўя, дзярж. кіравання, практычнай адміністрацыі, педагогікі. У Фларэнцыі (Італія) створаны ін-т Гарвардскага ун-та па даследаванні эпохі Адраджэння.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭКАФО́НІЯ

(ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т.л. бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.Г.Мдывані.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)