БЕРЛІ́НСКАЯ СЦЯНА́,

сістэма ўмацаванняў і загародаў у 1961—89, якая аддзяляла ўсх. частку Берліна ад зах. (гл. Берлін, Заходні Берлін). Пабудавана паводле рашэння ўлад ГДР, каб стрымліваць уцекачоў з краіны. Берлінская сцяна — бетонны мур даўж. 45,1 км, абнесены калючым дротам, вакол якога выкапаны акопы і ўстаноўлены мінныя прыстасаванні, самастрэлы і інш. Пры шматлікіх спробах пераадолець Берлінскую сцяну загінула каля 80 чал. Дэманціравана ў 1989.

т. 3, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЗІЯ (Alesia),

старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),

стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕ́НШЧЫНА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ва ген. К.​І.​Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл. Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.​Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.​І.​Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл. Бабруйская аперацыя 1944).

Літ.:

Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.

Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.​Залескага.
Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́Ж,

горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял. кн. ВКЛ Казімірам М.​Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.​Я.​Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.​Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.​К.​Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн. Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн. Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс. ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.​К.​Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.​С.​Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс. ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.​Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.​Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс. чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.

Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.​К.​Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл. Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.​Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст. паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст. арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.​Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх. вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі «Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.​Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.​Кракалёва, Л.​Шылінская, Г.​Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.​Босак, А.​Дарэнскі, Т.​Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.​Буднаму (скульпт. С.​Гарбунова).

Да 20 ст. культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.​Будным, М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.​Будны, А.​Рымша, Г.​Пельгжымоўскі, Я.​Радван, Я.​Козак, пазней — Б.​Будны і С.​Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.​Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.​К.​Сарбеўскі, філосаф З.​Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.​Катэнбрынг, гісторык Я.​А.​Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.​Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.​Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.​У.​Радзівіл, оперы М.​Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.​Ф.​Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.​Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.​Я.​Багдановіч і А.​К.​Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.​Колас, К.​Чорны, Р.​Мурашка, мастак М.​К.​Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар. навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.

Літ.:

Деленковский Н.И. Несвиж: Ист.-экон. очерк. Мн., 1979;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл. Т. 2. Мн., 1987;

Шишигина К.Я. Музы Несвижа. Мн., 1986.

В.​С.​Пазднякоў (гісторыя, культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​М.​Чарняўскі, С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Панарама горада Нясвіж.
Нясвіж. Гравюра Т.​Макоўскага. Пач. 17 ст.
Герб горада Нясвіж. 1586.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)