МАНАХРО́МІЯ (ад мана... + грэч. chrōma колер) у выяўленчым мастацтве, аднаколернасць; твор, выкананы ў адным тоне якога-н. колеру або яго танальных градацыях (афарбаваны ў адзін колер), напр., грызайль.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАФО́Н (ад лац. dicto дыктую, гавару + ...фон),

апарат для запісу і ўзнаўлення мовы, выкананы, напр., на аснове магнітафона. Бывае кабінетны і партатыўны (з сілкаваннем ад акумулятараў або эл. батарэй). Выкарыстоўваецца для дыктавання пісем, запісу выступленняў, лекцый і інш.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.​Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.​Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.

Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.​Арцімовіч. 1979.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.

Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́Н (франц. carton, італьян. cartone ад carta папера),

1) разнавіднасць паперы, якая вызначаецца высокай удзельнай масай (больш за 250 г/м²). Бывае адна- і мнагаслойны; упаковачны, паліграф., абутковы і інш. 2) У мастацтве — дапаможны буйнафарматны малюнак (часам каляровы), выкананы ў памеры будучага твора (насценнай размалёўкі, мазаікі, вітража, габелена). Выкарыстоўваецца ў дэкар.-прыкладным і манум. мастацтве.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМСАН ((Adamson) Амандус Генрых) (12.11.1855. г. Палдыскі, Эстонія — 26.6.1929),

эстонскі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1876—79), акадэмікам якой выбраны ў 1907. У традыцыях рус. рэаліст. скульптуры выкананы найб. вядомыя яго работы: «Апошняе дыханне карабля» (1899), «Русалка» — помнік маракам, што загінулі на браняносцы «Русалка» (1902, Талін), помнік Чарнаморскай эскадры, затопленай у час Крымскай вайны (1905, Севастопаль).

А.Адамсан. Апошняе дыханне карабля. 1899.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ Самойла, майстар касцяной справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. вывезены ў Маскву, працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля ў арцелі па маст. апрацоўцы косці. У 1661 вырабіў (з Кірушкам Сцяпанавым, Івашкам Мікіціным, Івашкам і Данілам Грыгор’евымі) з слановай косці шахматы. У 1680 асабіста вытачыў 2 камплекты шахматаў са слановай косці для цара: у адным фігуркі людзей з бердышамі і ружжамі выкананы ў тэхніцы разьбы, у другім — фігуркі гладкія точаныя.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗНА́НСКАЯ ((Boznańska) Вольга) (15.4.1865, Кракаў — 26.10.1940),

польскі жывапісец. Вучылася у Мюнхене (1886—89) у К.​Крыгельдорфа і В.​Дзюра, з 1898 у Парыжы. Член т-ва польскіх мастакоў «Мастацтва» (з 1898, Кракаў). Нац. т-ва прыгожых мастацтваў (з 1901, Парыж). Аўтар інтымных рэалістычных партрэтаў у духу імпрэсіянізму, якія выкананы ў лёгкай, светлай гаме: «Дзяўчынка з хрызантэмай» (1894), «Партрэт дзвюх дзяўчынак» (1896), «Аўтапартрэт» (1900), партрэты Ф.​Ясенскага (1907), Ядвігі Сапегі (1910), Г.​Сянкевіча (1913) і інш.

В.Базнанская. Аўтапартрэт. 1900.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКІ ПАЛА́Ц ДО́ЖАЎ,

помнік італьян. архітэктуры 14—15 ст. у Венецыі. Разам з саборам, б-кай і інш. будынкамі ўтварае гал. арх. ансамбль горада. Былая рэзідэнцыя дожаў Венецыянскай рэспублікі; з канца 18 ст. — музей. Выкананы ў стылі венецыянскай готыкі (зах. корпус — 1424—42, арх. Дж. і Б.​Бон), часткова перабудаваны ў канцы 15—16 ст. ў стылі рэнесансу. У зале Вялікай Рады і інш. залах — пано і карціны П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Дж.​Б.​Цьепала і інш.

Венецыянскі Палац дожаў.

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)