ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),

амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.​С.​Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.​Глебаў, І.​Лучанок, В.​Іваноў, Л.​Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.

С.Давіловіч. Мама-выратавальніца. 1996.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНЬШО́Ў (Уладзімір Валянцінавіч) (н. 17.9.1939, Баку),

расійскі кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1965). Для творчасці характэрна імкненне да раскрыцця асобы ў востраканфліктных сітуацыях, у якіх адначасова надае сюжэту і героям лірычную і гумарыстычную афарбоўку. Паставіў фільмы «Розыгрыш» (1977), «Масква слязам не верыць» (1980, прэмія «Оскар» 1981), «Каханне і галубы» (1984), «Шырлі-мырлі» (1995), «Царэвіч Аляксей» (1997). Зняўся ў фільмах «Чалавек на сваім месцы» (1973), «Апошняя сустрэча» (1974), «Асабістае меркаванне» (1977), «Пасля разводу», «Прыезд» (абодва 1982), «У пошуках зорак», «Магістраль» (абодва 1983), «Дарагі Эдысан», «Перахоп» (абодва 1986), «Дзе знаходзіцца «нофелэт»?» (1987), «Горад Зеро» (1988), «Ойча наш» (1989), «Каб выжыць» (1991), «Рускі рэгтайм» (1993), «Царэвіч Аляксей» (1997), «Кітайскі сервіз» (1999) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Т.​В.​Пешына.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХААНА́ЛІЗ (ад псіха... + аналіз),

вучэнне пра даследаванне бессвядомых псіхічных працэсаў і матывацый, выкарыстанне тэрапеўтычных уплываў на іх. Засн. ў канцы 19—1-й трэці 20 ст. З.Фрэйдам. Вынікі псіхатэрапеўт. практыкі, аналіз розных з’яў нармальнага псіхічнага жыцця (сон, памылковыя дзеянні, дасціпнасць) вызначаны Фрэйдам як вынік дзеяння агульных псіхал. механізмаў. Паслужыў асновай аналітычнай псіхалогіі, распрацаванай К.Юнгам, індывідуальнай псіхалогіі, засн. на вучэнні А.Адлера, і інш. плыняў глыбіннай псіхалогіі. П. узняў праблему сэнсавай і энергет. характарыстык псіхікі, яе структуры і дынамікі. Пашырыўся ў многіх краінах як сістэма поглядаў на прыроду чалавечай псіхікі, з’явы маралі, рэлігіі, культуры, мастацтва, навукі, грамадскага жыцця і інш. У аснове гэтых поглядаў тэорыя неўсвядомленага і полавай цягі. Неўсвядомленае праяўляецца ў паводзінах і псіхіцы чалавека; метады яго выяўлення — свабодныя асацыяцыі, тлумачэнне сноў, вывучэнне неўратычных сімптомаў і інш. Асоба ў структурных адносінах у П. складаецца з «Я», «Яно» і «Звыш-Я». Цэнтр. ідэя П. — існаванне тайнага канфлікту паміж неўсвядомленым і неабходнасцю выжыць у варожым для дадзенага індывіда асяроддзі. Адбываецца таксама сублімацыя (пераключэнне энергіі) неўсвядомленага. Механізм сублімацыі трактуецца як асн. крыніца творчасці. Паводле Фрэйда, П. займае «сярэдняе месца» паміж медыцынай і філасофіяй.

Літ.:

Фрейд З. Основные принципы психоанализа: Пер. с нем., анг. М.;

Киев, 1998;

Яго ж. Психоаналитические этюды: Пер. с нем. Мн., 1997;

Ярошевский М.Г. История психологии. 2 изд. М., 1997;

Ждан А.Н. История психологии. 3 изд. М., 1999;

Психоанализ и культура: Избр. тр. Карен Хорни и Эриха Фромма. М., 1995;

Шульц Д.П., Шульц С.Э. История современной психологии;

Пер. с анг. СПб., 1998.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ГАРНІЗО́Н у Вялікую Айчынную вайну на Беларусі,

1) месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання. Ствараўся з мэтаю бяспекі і найб. спрыяльных умоў жыцця, баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партыз. фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, побыту і ўнутр. распарадку П.г., гарнізоннай і каравульнай службаў ажыццяўляліся на аснове вайск. статутаў і традыцый Чырв. Арміі, дакументаў і ўказанняў парт. партыз. органаў. У маштабах партызанскіх зон ЦК КП(б)Б, Бел. штаб партыз. руху і падп. парт. органы вызначалі раёны дыслакацыі партыз. фарміраванняў з нас. пунктамі, дзе партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад рабаўніцтваў і разбою ням,фаш. акупантамі, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партыз. лагеры. У нас. пунктах камандаванне прызначала каменданта ў сельсавет і старасту вёскі, якія арганізоўвалі каравульную службу, апавяшчэнне насельніцтва і партызан пра перамяшчэнні праціўніка, укрыццё людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў нас. пункце, назіранні за паводзінамі партызан, якія знаходзіліся на заданнях па-за размяшчэннем сваіх падраздзяленняў. У многіх раёнах Беларусі камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падп. райкомы партыі.

2) Самая простая форма аб’яднання асобных баявых атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху з мэтай больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў партызан супраць ворага. Складаўся па ініцыятыве і згодзе партызан у ходзе сумесных баёў асобных атрадаў, дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з ням.-фаш. гарнізонамі, карнымі атрадамі, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка. Адным з першых у студз. 1942 склаўся гарнізон Ф.І.Паўлоўскага, які аб’ядноўваў 13 асобных атрадаў (1301 чал.), частка якіх у перыяд баёў з карнікамі перадыслацыравалася ў інш. раёны, а на базе астатніх створана партыз. брыгада. П.г. ствараліся і старшым вайск. начальнікам: камандзір Клічаўскага аператыўнага цэнтра палк. У.Л.Нічыпаровіч загадам у канцы ліп. 1942 стварыў адзін гарнізон з 6 атрадаў (дзейнічаў на стыку Барысаўскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл.), другі — з 3 атрадаў (на тэр. Бялыніцкага і Магілёўскага р-наў Магілёўскай вобл.); восенню 1942 на іх базе сфарміраваны партыз. брыгады.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 474—475.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)