«РА́ТАМКА»,
коннаспартыўны комплекс; рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі. Размешчаны ў пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны з-д імя Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце (з 1960). Гал. цэнтр падрыхтоўкі бел. нац. зборных каманд па конным спорце (выездка, канкур, трохбор’е і інш.). Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы па конным спорце і сучасным пяцібор’і.
Комплекс уключае крыты коннаспарт. манеж (64 × 24 м) з трыбунамі на 150 месцаў, 2 трэніровачныя крытыя коннаспарт. манежы і выездкавы манеж, З адкрытыя манежы, канкурнае поле (140 × 100 м) з трыбунамі на 3 тыс. месцаў, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і, трэніровачны скакавы круг, гасцінічны комплекс, прафілакторый, базу коннага пракату.
Г.П.Баярына.
т. 13, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ННЫ СПОРТ,
верхавая язда спарт. характару. Уключае пераадольванне перашкод (канкур), выездку, трохбор’е (манежная язда, палявыя выпрабаванні, пераадольванне перашкод), прабегі, вальтыжыроўку. Да К.с. адносяць таксама скачкі (гладкія і бар’ерныя), стыпль-чэз, джыгітоўку, язду ў экіпажах, коннае пола, нац. конныя гульні. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна на іпадромах і ў манежах.
Вядомы са стараж. часоў. У Расіі першыя конныя турніры пачаліся ў Пецярбургу ў 1766, першыя скачкі — у 1826. У СССР К.с. развіваўся ў 1920-я г. ў армейскіх часцях, у клубах Асаавіяхіма. На Беларусі культывуецца з 1957, з часу адкрыцця аддзялення К.с. ў Гомельскай спарт. школе моладзі. Працуюць (1998) Рэсп. цэнтр па К.с. і конегадоўлі (пас. Ратамка Мінскага р-на), 11 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і 8 секцый К.с. Найб. вядомыя бел. спартсмены: В.Угрумаў, І.Карачова — бронз. прызёр чэмпіянату свету і чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1978); чэмпіёны СССР — Ю.Зябраў (1965), В.Вагнер (1978), абодва — пераадольванне перашкод, А.Яцына (1977, выездка); А.Зелянко, А.Сарачаў, С.Антановіч, Ю.Навумовіч-Швабоўская, Т.Жалабковіч і інш.
А.Э.Няхайчык.
т. 8, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)