АРЭ́ХАЎСКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Левы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Пабудаваны ў 1905—10, рэканструяваны ў 1973. Даўжыня 34 км. Пачынаецца з возера Арэхавец на тэрыторыі Валынскай вобласці, вусце на Паўночным Захадзе ад вёскі Выгода. Прытокі: каналы Лелікаўскі, Церабовіцкі, Дзівінскі (злева), Павіцценскі і Травінскі (справа).
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁЗЕР (Möser) Іаган Георг, архітэктар і будаўнік 2-й пал. 18 ст. Немец. З 1738 жыў і працаваў у г. Гродна, у 1765—74 на службе ў гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Паводле яго праектаў узведзены Гродзенскі палац Тызенгаўза (1760—70-я г.), корчмы «Галеча», «Выгода» (знесены ў канцы 19 ст.), «Раскоша» (усе 1770-я г., з арх. Дж.Сака; знішчана пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі), Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1780-я г.). Аўтар тыпавых праектаў жылых дамоў для майстроў (1760-я г., гл. Гарадніца), якія працавалі на мануфактурах Тызенгаўза, і вайсковай варты Гродзенскай каралеўскай эканоміі (пабудаваны ў 1768—73). Выкладаў у школе будаўнікоў на Гарадніцы ў Гродне.
В.Ф.Марозаў.
т. 10, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)