Вывергнутыя горныя пароды, гл. Магматычныя горныя пароды

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВЕРГНУТЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

гл. Магматычныя горныя пароды.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГМАТЫ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вывергнутыя горныя пароды,

горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)