ТАЛАКА́,

у беларусаў і інш. слав. народаў даўні нар. звычай калектыўнай дапамогі ў гасп. работах. Звычайна на адзін дзень запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай ці працаёмкай работы, якая вымагала многа работнікаў і цягла: зрубіць хату, скасіць сена, зжаць жыта, выбраць бульбу, вывезці лес, гной на поле і інш. Памагалі найперш пагарэльцам, удовам, салдаткам, бясконным. Т. звычайна заканчвалася застоллем, спяваннем талочных песень.

У Т. выяўляюцца рысы стараж. калектывізму і рэшткі абшчыннага побыту. У час прыгону паны выкарыстоўвалі нар. звычай і ўводзілі прымусовыя Т. для выканання тэрміновых с.-г. работ звыш абавязковых сялянскіх павіннасцей. т.зв. згоны.

т. 15, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,

баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.​В.​Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ Ігнат Ігнатавіч (15.2.1917, в. Вял. Прусы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.6.1962),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з ліст. 1941 на Зах., 1-м і 4-м Укр. франтах: штурман, камандзір эскадрыллі, нам. камандзіра штурмавога авіяпалка. Зрабіў 120 баявых вылетаў, у т. л. 48 у тыл ворага, каб даставіць боепрыпасы акружаным каля Вязьмы сав. воінам і вывезці параненых. Знішчыў 15 танкаў, 80 аўтамашын, 30 чыг. вагонаў, 20 пунктаў зенітнай артылерыі. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік. На радзіме помнік.

І.І.Казлоўскі.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́БІНСКІ БОЙ 1944,

бой партызан 101-й брыгады імя Аляксандра Неўскага (камандзір М.​Дз.​Курыльчык) па вызваленні г.п. Старобін ад фаш. захопнікаў 29 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. Старобінскі гарнізон (больш за 1 тыс. гітлераўцаў) быў моцна ўзброены, умацаваны дзотамі, акопамі, драцянымі загародамі. З набліжэннем Чырв. Арміі гітлераўцы мелі намер вывезці насельніцтва і матэрыяльныя каштоўнасці на З, а пасёлак знішчыць. Партызаны ў ноч на 29 чэрв. перакрылі шляхі магчымага падыходу варожага падмацавання з г. Любань і в. Пагост, кулямётным агнём у бок гарнізона стварылі там паніку. Адначасовай атакай з ПнУ і Пд партызаны выбілі праціўніка са Старобіна на ПдЗ ад яго, арганізавалі абарону і ўтрымлівалі пасёлак да падыходу 1—2 ліп. часцей Чырв. Арміі. Дзякуючы дзеянням нар. мсціўцаў удалося выратаваць Старобін ад знішчэння і насельніцтва ад вывазу ў Германію.

т. 15, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»

(«Pripiatsee»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-й пях. дывізій, 1-й кав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,

паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш. акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац. к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр. вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.​Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.​Рапапорт, арх. Л.​М.​Сузін).

Літ.:

Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;

Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.—лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.​Р.​Салавей (старшыня), Л.​Я.​Адзінцоў, М.​А.​Ляўкоў, М.​Ф.​Ус, Н.​Я.​Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.​Дз.​Малаковіча, Ц.​К.​Валадзько, А.​К.​Паланейчыка і інш.

У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.

Літ.:

Грахоўскі С.І. Рудабельская рэспубліка: Дак. аповесць. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)