Разбуральная здольнасць выбуховых рэчываў 2/368

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

асобныя хім. злучэнні ці сумесі, здольныя пры знешнім уздзеянні (награванне, удар, трэнне і інш.) да хуткай самараспаўсюджвальнай хім. рэакцыі з утварэннем газу і выдзяленнем вял. колькасці цеплыні. Да выбуховых рэчываў адносяцца пераважна нітразлучэнні (трынітраталуол, гексаген, актаген, тэтрыл, нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы і інш.) і солі неарган. кіслот (нітрат амонію, перхларат амонію, азід свінцу). Выкарыстоўваюць сумесі выбуховых рэчываў аднаго з адным ці з гаручымі рэчывамі (гл. Аманіты, Дынаміты, Дынамоны, Порахі). Выбуховыя рэчывы небяспечныя ў абыходжанні. Пры іх захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні неабходны спец. меры засцярогі.

Хім. рэакцыя, якая ўзнікае ў абмежаваным аб’ёме выбуховых рэчываў, распаўсюджваецца па яго масе ў рэжыме дэтанацыі ці гарэння. Па выбуховых уласцівасцях (умовах пераходу гарэння ў дэтанацыю) і абумоўленых імі галінах выкарыстання выбуховыя рэчывы падзяляюць на ініцыіруючыя (першасныя), брызантныя (другасныя) і порахі (кідальныя). Ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы лёгка загараюцца, гарэнне хутка пераходзіць у дэтанацыю пры атм. ціску. Выкарыстоўваюць для ўзбуджэння выбуховага пераўтварэння інш. выбуховых рэчываў. Брызантныя выбуховыя рэчывы больш інертныя, іх гарэнне можа перайсці ў дэтанацыю толькі пры наяўнасці трывалай абалонкі ці вял. колькасці рэчыва. Выкарыстоўваюцца для прамысл. выбуховых работ, як начынка боепрыпасаў і інш. Порахі пры гарэнні не дэтануюць нават пры высокім (сотні МПа) ціску. Выкарыстоўваюць у ствольнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР,

бікфордаў шнур, шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНА́ЛЫ,

група выбуховых рэчываў; разнавіднасць аманітаў. Асн. кампаненты: аміячная салетра, нітразлучэнні, дысперсны алюміній, які рэзка павышае энергію выбуху і фугаснае дзеянне. Выкарыстоўваюцца для ўзрывання парод павышанай трываласці ў вільготных і абводненых свідравінах.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ БО́МБЫ,

застылыя кавалкі лавы, выкінутыя пры выбуховых вывяржэннях вулканаў. У залежнасці ад тыпу лавы пры застыванні набываюць формы аладкападобную (вадкія лавы), вітую, верацёнападобную, грушападобную і інш. (малавязкія) і круглаватую ці шматгранную (вязкія лавы); папярочнік іх да 7 м.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЎЗРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

сукупнасць вытв. працэсаў па аддзяленні ад масіву часткі горнай пароды з адначасовым яе раздрабненнем і перамяшчэннем пры дапамозе ўзрыву. Уключаюць бурэнне зарадных поласцяў (шпураў, свідравін, камер), размяшчэнне ў іх зарадаў выбуховых рэчываў (зараджанне), забіванне і ўзбуджэнне зарадаў (ініцыіраванне ўзрыву). Выкарыстоўваюць пры разведцы і здабычы карысных выкапняў, буд-ве плацін і інш.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСАГЕ́Н,

цыклатрыметылентрынітрамін, высокабрызантнае выбуховае рэчыва C3H6N6O6. Бясколерны крышт. парашок, tпл 204,5—205 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1816 кг/м³. Водаўстойлівы. Цеплата выбуху 5440 кДж/кг, скорасць дэтанацыі каля 8,4 км/с, т-ра ўзгарання каля 230 °C. Атрымліваюць уздзеяннем на уратрапін (гексаметылентэтрамін) канцэнтраванай азотнай к-ты. Выкарыстоўваюць для начынкі боепрыпасаў як кампанент прамысл. выбуховых рэчываў (скальны аманіт, тэрмаўстойлівыя выбуховыя рэчывы).

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522·10​3 кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́Н,

амінабензол, феніламін, найпрасцейшы араматычны амін, C6H5NH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 184,4 °C, шчыльн. 1,02 ∙ 10​3 кг/м³; растваральны ў вадзе, спіртах, эфірах. Мае ўласцівасці асноў, з мінер. кіслотамі ўтварае солі. Асн. метад атрымання аніліну — аднаўленне нітрабензолу (упершыню атрыманы з індыга). Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, фотаматэрыялаў, выбуховых рэчываў, лекаў, паскаральнікаў вулканізацыі каўчуку і інш. Ядавіты (дзейнічае на ц. н. с., выклікае дэгенерацыю эрытрацытаў крыві, гемоліз), ГДК 0,1 мг/м³.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕТЫЗА́ЦЫЯ

(ад імя егіп. мудраца Гермеса, якому прыпісвалася здольнасць шчыльна закаркоўваць пасудзіны),

забеспячэнне непранікальнасці сценак і злучэнняў апаратаў, машын, збудаванняў, ёмістасцей для вадкасцей, газаў і інш. Дасягаецца зваркай, пайкай, выкарыстаннем літых дэталей, спец. вакуумных матэрыялаў (гетэраў і інш.), герметыкаў, ушчыльняльнікаў і г.д. Пашырана ў вакуумнай тэхніцы, электра- і радыётэхніцы, ядз. фізіцы, у вытв-сці шкодных і выбуховых рэчываў, пры пабудове карпусоў падводных лодак, касм. караблёў, свідраванні нафтавых пластоў і інш.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)