Г,

чацвёртая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Г («глаголь»), утворанай графічным відазмяненнем візант. («гама»). У старабел. графіцы абазначала фрыкатыўны заднеязычны гук «г», а ў складзе дыграфа «кг» перадавала выбухны «г» у запазычаных словах («кганак», «паракграф»). У сучаснай бел. мове абазначае і фрыкатыўны заднеязычны («гара», «глеба»), і выбухны («гонты», «гузікі») гук, а таксама глухі заднеязычны «х», які ўтвараецца ў выніку аглушэння «г» на канцы слоў і перад глухімі зычнымі («мурог», «лёгкі»).

А.М.Булыка.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д,

пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).

А.М.Булыка.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.І.Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ,

анаматапея, 1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай ўтварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.Лужанін).

А.І.Падлужны (у мовазнаўстве).

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)