ВУША́Н (Plecotus auritus),

млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.

Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.

Вушан.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),

падатрад гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл. Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл. Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.

Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.

Э.​Р.​Самусенка.

Кажаны 1 — двухколерны; 2 — позні; 3 — нетапыр-карлік; 4 — нетапыр лясны.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),

атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн. г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.

Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;

Курсков А.Н. Рукокрылые Белоруссии. Мн., 1981.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)