ВУ́СТРЫЦЫ

(Ostreidae),

сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).

Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРАДЫЗІЯ́КА,

рэчывы, якія стымулююць палавую цягу і актыўнасць. Традыцыйна гэта сродкі расліннага і жывёльнага паходжання. Сродкі нар. медыцыны: цыбуля, яйкі, сельдэрэй, мёд, шакалад, амбра, гарчыца, крабы, вустрыцы, жэньшэнь, бабровы струмень, залаты корань; фармакалагічныя сродкі: палавыя гармоны, псіхастымулятары, адаптагены. Радзей да афрадызіякаў адносяць эратычныя фатаграфіі, відарысы, кнігі, кіна- і відэафільмы і інш.

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РЧАНКА Аркадзь Цімафеевіч

(27.3.1881, г. Севастопаль — 12.3.1925),

рус. пісьменнік. З 1908 супрацоўнік, пазней рэдактар час. «Сатирикон», з 1913 рэдактар «Нового сатирикона». Аўтар зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Вясёлыя вустрыцы» (1910), «Кругі па вадзе» (1912), «Пра добрых па сутнасці людзей» (1914), «Цуды ў рэшаце» (1915), «Пра маленькіх — для вялікіх» (1916), аповесці «Падходцаў і двое іншых» (1917), п’ес-мініяцюр, у якіх высмейваў заганы абывацеляў. Пасля 1917 у эміграцыі, дзе выдаў кн. апавяданняў «Тузін нажоў у спіну рэвалюцыі» (1921), раман «Жарт мецэната» (1925).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Спб., 1911—14;

Юмористические рассказы. М., 1964.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́

(Bahama Islands),

Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б. ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).

Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс. км²), В. Абака (2 тыс. км²), В. Багама (1,1 тыс. км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аў В. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.

Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс. ж.), Фрыпарт (26 тыс. ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.

Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.

У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл. ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн. чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн. кВт·гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс. га, апрацоўваецца каля 9 тыс. га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс. км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.

Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н

(лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),

частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс. км. Пл. 91,6 млн. км², аб’ём вады 329,7 млн. м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).

Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).

Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс. км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд. ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр. ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс. км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.

Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58° паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.

Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50° паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60° паўн. ш. І -1 °C на 60° паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30° паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35° паўд. ш.

Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м. вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60° паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс. км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.

А.М.Вітчанка.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)