Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ (Anguilla anguilla),
рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,
віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл.Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,
арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял.акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.
Лоўля рыбы ў Браслаўскай азёрна-таварнай рыбнай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎТАЕ МО́РА,
кіт.Хуанхай, паўзамкнёнае мора Ціхага ак., каля ўсх. берагоў Азіі, паміж п-вам Карэя і берагамі Кітая. Пл. 417 тыс.км². Найб.глыб. 106 м, сярэдняя 40 м. Буйнейшыя залівы: Бахайвань, Ляадунскі і Зах.-Карэйскі. У Ж.м. ўпадаюць р. Хуанхэ, Хайхэ, Ляахэ, Ялуцзян. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні: ніжэй 0 на ПнЗ і 6—8 °C (люты) на Пд; ад 24 на Пн да 28 °C на Пд (жнівень). Паўн.-зах.ч. Ж.м. з ліст. да сак. замярзае. Салёнасць ад 30%« і менш на ПнЗ да 33—34‰ на ПдУ. Прылівы паўсутачныя, каля берагоў Карэі да 9 м, у інш. раёнах да 3—4 м. У Ж.м. водзяцца селядзец, марскі лешч, траска, вугор, мідыі, вустрыцы. Найб. парты ў Кітаі — Цяньцзінь, Інкоў, Цындао, Далянь (Дальні), Люйшунь (Порт-Артур), у Карэі — Інчхон (Чэмульпо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),
атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.
Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Павулле,
Цётча. Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 8,45 км², даўж. 6,4 км, найб.шыр. 1,5 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 652 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на Пн і 3 да 20 м), пераважна спадзістыя, сугліністыя і супясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя. У паўд.ч. 2 вузкія доўгія залівы. На ПнУ і У забалочаная пойма шыр. 15—25 м. Востраў пл. 6 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей дно сапрапелістае. У летні час вада праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Мінералізацыя каля 200 мг/л. Празрыстасць 0,7—1,3 м. Эўтрофнае. Зарастае. Возера багатае рыбай, ёсць вугор. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае яго з азёрамі Бярозаўскае і Янова). Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з азёр Чарсцвяцкае і Вяркудскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.