ВУГЛІ́ ВЫКАПНЁВЫЯ,
цвёрдыя гаручыя карысныя выкапні асадкавага паходжання, прадукт пераўтварэння вышэйшых і ніжэйшых раслін. Маюць да 50% мінер. прымесей і вільгаць. Паводле ступені вуглефікацыі падзяляюцца на буры вугаль, каменны вугаль і антрацыт, у залежнасці ад зыходнага матэрыялу — на гумаліты, сапрагумаліты, гумасапрапеліты, сапрапеліты. Залягаюць звычайна ў выглядзе пластападобных пакладаў сярод асадкавых парод усіх узростаў, пачынаючы з дэвону. Складаюць 87,5% прагнозных рэсурсаў выкапнёвага паліва Зямлі; у сусв. паліўна-энергет. балансе займаюць каля 25%. Разведаныя сусв. запасы (3705 млрд. т) сканцэнтраваны пераважна ў Расіі, ЗША, КНР, Аўстраліі. Нязначныя радовішчы выяўлены ў Беларусі. Сыравіна для металург. і хім. прам-сці. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.
т. 4, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТУРЫ́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
найбуйнейшы ў Іспаніі, на Пд і ў цэнтры правінцыі Аўеда. Пл. каля 3 тыс. км². Адклады вугляноснага карбону. Запасы каменнага вугалю 1215 млн. т. Гал. радовішчы: Цэнтральнае, Тэверга, Хіхон. Прамысл. распрацоўка з сярэдзіны 19 ст. Вуглі ўсіх марак — ад антрацытаў да блізкіх да бурых. Цеплыня згарання 28—34,7 МДж/кг. Вуглі выкарыстоўваюцца ў металургіі як энергет. сыравіна.
т. 2, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Хабараўскім краі Расійскай Федэрацыі. Працягласць 150 км, шыр. 50—60 км. Пл. 6000 км². Вугляносныя адклады верхняй юры—ніжняга мелу. Балансавыя запасы да глыб. 300 — 1,9 млрд. т.
Адкрыты ў 1844, прамысл. распрацоўка з 1939. Вуглі каменныя, маркі Г. Цеплыня згарання на рабочае паліва каля 20 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Вуглі выкарыстоўваюцца як энергет. паліва на ТЭЦ (80%) і прамысл. прадпрыемствамі рэгіёна.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн. ч. Скалістых гор; невял. паўд. ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс. км². Агульныя запасы больш як 228 млрд. т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах. ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх. ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.
т. 1, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд. ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс. км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд. т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАЛІ́ТЫ [ад лац. humus зямля + ...літ(ы)],
група выкапнёвых вуглёў, якія ўтварыліся пераважна з прадуктаў пераўтварэння рэшткаў вышэйшых раслін у балотных умовах. Разнастайныя паводле мікракампанентнага і хім. саставаў, фіз. і тэхнал. уласцівасцей. Падзяляюцца на бурыя, каменныя вуглі і антрацыты.
т. 5, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНО́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у ЗША, у штатах Ілінойс, часткова — Індыяна і Кентукі. Пл. 122 тыс. км². Вугляносныя адклады сярэдняга і верхняга карбону. Агульныя запасы каля 365 млрд. т. Вуглі бітумінозныя. Прамысл. распрацоўка падземным спосабам з 1875, кар’ерамі з 1928. Цеплыня згарання 25,5—34,7 МДж/кг.
т. 7, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926).
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.
т. 7, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны басейн. Найбуйнейшы ў Зах. Еўропе, у бас. р. Рур (Германія). Вядомы з 13 ст., інтэнсіўнае асваенне з сярэдзіны 19 ст. Пл. каля 4 тыс. км². Вугляносныя адклады карбону. Прамысл. запасы да глыб. 1500 м каля 20 млрд. т. Вуглі каксавальныя (65%). Цеплыня згарання да 36 МДж/кг. Здабыча падземным спосабам.
т. 13, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)