Валокны вугляродныя гарачатрывалыя 12/475

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРОДАПЛА́СТЫ, карбапласты, вугляпластыкі,

пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніку вугляродныя валокны ў выглядзе жгутоў, стужак, матаў, тканіны, сечаных валокнаў. Сувязнымі для вугляродапластаў з’яўляюцца сінт. палімеры (напр., эпаксідныя, поліэфірныя, фенолфармальдэгідныя смолы). Вугляродапласты трывалыя, цвёрдыя, тэрмічна, хімічна і радыяцыйна ўстойлівыя электра- і цеплаправодныя матэрыялы з малой шчыльнасцю, нізкімі каэф. трэння і тэрмічнага лінейнага расшырэння. Выкарыстоўваюць на выраб дэталей лятальных апаратаў (самалётаў, верталётаў, ракет), суднаў, аўтамабіляў, спарт. інвентару (лыжы, вёслы), хім. абсталявання.

Літ.:

Молчанов Б.И., Чукаловский П.А., Варшавский В.Я. Углепластики. М., 1985.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).

У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН, НДІ парашковай металургіі і інш.

Г.​У.​Купчанка.

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)