ВУГЛЯРО́ДНАЕ ВАЛАКНО́,

валакно, якое складаецца пераважна з вугляроду (85 — болей за 99%). Мае высокую мех. трываласць, устойлівае да ўздзеяння высокіх тэмператур, агрэсіўных хім. рэчываў і ультрафіялетавага выпрамянення. Атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (400—3000 °C) хім. ці прыродных арган. валокнаў (часцей віскознага валакна і поліакрыланітрыльных валокнаў). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік вугляродапластаў, у вытв-сці фільтравальных матэрыялаў, электранагравальных элементаў і інш.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКНІ́ТЫ,

прэс-матэрыялы з валакністага напаўняльніку (валокны даўж. 15—40 мм), прамочанага палімерным сувязным. У якасці напаўняльніку выкарыстоўваюць валокны: азбеставае (гл. Азбапластыкі), баваўнянае, сінт., вугляроднае, шкловалакно. Састаў валакнітаў (% па масе); 40—50% напаўняльніку, 40—45% сувязнога (фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, крэмнійарган. палімеры). Вырабы з валакнітаў маюць высокую вода-, тэрмаўстойлівасць, устойлівасць да ўздзеяння хім. рэагентаў, ударатрываласць, фрыкцыйнасць. Выкарыстоўваюць у прылада- і машынабудаванні (карпусы і дэталі электрамашын, тармазныя калодкі і інш.), буд-ве (арматура, панэлі), касм. і авіяц. тэхніцы.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́ЛЬНЫЯ ВАЛО́КНЫ, акрылавыя валокны,

сінтэтычныя валокны, што фармуюць з раствораў поліакрыланітрылу. Прамысл. вытв-сць пачата ў ЗША у 1946. Вядома каля 250 гандл. марак П.в., асн. з іх: нітрон, акрылан, арлон, дралон, куртэль, кашмілон.

Паводле мех. уласцівасцей падобныя да шэрсці. Вызначаюцца атмасфера- і святлоўстойлівасцю, устойлівыя да ўздзеяння мікраарганізмаў, а таксама раствораў кіслот і шчолачаў сярэдніх канцэнтрацый, арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць у хім. чыстцы (бензін, ацэтон, трыхлорэтылен і інш.). Вырабляюць пераважна штапельныя (рэзаныя) П.в. ці жгут. Выкарыстоўваюць у вытв-сці трыкатажу, дываноў, штучнага футра, адзежных, абівачных і фільтравальных тканін, для перапрацоўкі ў вугляроднае валакно; у сумесі з бавоўнай і віскознымі валокнамі — для вырабу гардзін, брызенту.

М.​І.​Пракапчук.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)