Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в.Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас.р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ТКА,
верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна. Бытавала ў беларусаў, рускіх, украінцаў да 1930-х г. На Пн Беларусі насілі С. прамога халатападобнага крою (спінка і пярэдняе крыссе прамыя), у цэнтр. раёнах — з адразной спінкай (ніжняя частка ў зборкі, пярэдняе крыссе прамое) і з неадразной спінкай, звужанай у таліі (ад проймы рукавоў зашывалі вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі фальбоны альбо фалды). Для Палесся характэрны С. з «вусамі» — вял. клінамі, ушытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам, пярэстымі пампонамі, вышыўкай.
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчаты ў світках Вёска Вугляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р.Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в.Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.