ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОММУНИ́СТ БЕЛОРУ́ССИИ»,
тэарэтычны і паліт. часопіс ЦККПБ. Выдаваўся ў маі 1922 — верасні 1991 штомесяц у Мінску. Да 1925 наз. «Вперёд», у студз.—лют. 1927 — «Весткі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі», з сак. 1927 — «Бальшавік Беларусі» (на бел. мове, з вер. 1948 на бел. і рус. мовах), з ліст. 1952 — «Камуніст Беларусі» (да 1965 на бел. і рус. мовах). Прапагандаваў ідэі марксізму-ленінізму, асвятляў пытанні тэорыі і практыкі камуніст. будаўніцтва, прапагандаваў вопыт парт.-арганізац. і ідэалаг. работы КПБ, практыкі кіраўніцтва гасп. і сац.-культ. жыццём у рэспубліцы. Друкаваў матэрыялы з’ездаў КПСС і КПБ, пленумаў ЦК партыі, артыкулы парт., сав. і гасп. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, публіцыстаў па пытаннях дзярж. будаўніцтва, навук. сацыялізму, філасофіі, гісторыі, паліт. эканоміі, л-ры і мастацтва. Шэрагу публікацый уласцівы вульгарна-сацыялагічны падыход, адсутнасць крытычнага погляду, суб’ектывізм і дагматызм. Змяшчаў матэрыялы пра падзеі міжнар. жыцця, сувязі Беларусі з замежнымі краінамі, публікаваў рэцэнзіі і водгукі на новыя кнігі, рабіў агляды рэсп.перыяд. выданняў. Выйшла 800 нумароў.