Адкрыты ў 1984 за 1,5 км ад в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 і 1944. Аўтары: скульпт. П.Белавусаў і У.Лятун, арх. В.Бялянкін і М.Мызнікаў, інж. Б.Шчарбакоў (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Дамінанта мемарыяла — сімвалічная фігура Баяна (выш. 10 м), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорка пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаны гарэльефныя партрэты Герояў Сав. Саюза, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: І.А.Барысевіча, П.Дз.Вінічэнкі, С.Іскаліева, У.К.Мартынава, Г.С.Размадзе, Г.Якубава (выш. каля 3,5 м); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам ч. сцяны імёны і воінскія званні герояў. На пляцоўцы — абліцаваная гранітам стэла (выш. каля 3 м) з інфарм. надпісам, гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ВО́ІНСКІЯ,
злачынствы супраць устаноўленага парадку нясення воінскай службы, якія ўчыняюцца ваеннаслужачымі Узбр. Сіл, а таксама ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі збораў. Крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне, невыкананне загаду, супраціўленне начальніку або прымушэнне яго да парушэння службовых абавязкаў, пагрозу начальніку і гвалтоўныя дзеянні супраць яго, абразу падначаленым начальніка або начальнікам падначаленага, парушэнне статутных правіл паміж ваеннаслужачымі, самавольныя адлучка і пакіданне часці або месца службы, дэзерцірства, ухіленне ад воінскай службы праз членашкодніцтва ці інш. спосабам, прамотванне, страта, знішчэнне ці пашкоджанне ваен. маёмасці, парушэнне правіл абыходжання са зброяй, рэчывамі і прадметамі, што маюць павышаную небяспеку для навакольных, выдаванне ваен. тайны, злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць улады, самавольнае пакіданне поля бою, добраахвотная здача ў палон, марадзёрства, насілле над насельніцтвам у раёне ваен. дзеянняў, дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.Мулявіна (1980), Я.Купалы (1984), П.І.Гучка (1994), А.Я.Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Г.А.Фатыхава.
У.Лятун, П.Белавусаў, В.Бялянкін, М.Мызнікаў, Б.Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАБРА́НЕЦ,
у Расійскай імперыі ў 1874—1917 асоба прызыўнога ўзросту, залічаная на ваен. службу адпаведнай установай. Найменне «Н.» уведзена Статутам аб воінскай павіннасці 1874 замест назвы рэкрут, якая існавала пры рэкруцкай павіннасці. З моманту прыбыцця ў часць Н. лічыўся салдатам (матросам). Н. (новікам, навічком) называлі асобу, што нядаўна прынялі на работу (18—19 ст., пазней — у пераносным сэнсе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКАЛІ́ЕЎ (Сундуткалі) (1924, с. Канстанцінаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 24.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Аўтаматчык стралк. роты радавы І. вызначыўся пры вызваленні Быхаўскага р-на: у ноч на 24 чэрв. адзін з першых уварваўся ў траншэю праціўніка і ў крытычны момант бою сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота. Увекавечаны ў Мемарыяле воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́Д (Leōnidas; 508 ці 507, Спарта — 480 да н.э.),
цар Спарты ў 488—480 да н.э. У час грэка-персідскіх войнаў узначаліў у 481 да н.э. аб’яднанае войска грэч. гарадоў супраць перс. цара Ксеркса I, які ўварваўся ў Грэцыю. Загінуў у бітве каля Фермапілаў, калі з невял. атрадам прыкрываў адыход асн. часткі грэч. войска. У ант. л-ры імя Л. — сімвал патрыятызму і воінскай доблесці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КРУТ (ням. Rekrut ад франц. recruter набіраць войска),
асоба, прынятая на ваен. службу па найме або павіннасці. Тэрмін (ужываецца з 17 ст.) атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 18—19 ст. у сувязі са стварэннем у шэрагу краін пастаяннага рэгулярнага войска. У рас. арміі ў 1705—1874 асоба, залічаная ў армію паводле рэкруцкай павіннасці. У 1874 з увядзеннем у Расіі ўсеагульнай воінскай павіннасці тэрмін «Р.» заменены словам «навабранец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ СЛУ́ЖБА,
выкананне грамадзянамі ўстаноўленага законам абавязку воінскага. У Рэспубліцы Беларусь воінская служба — канстытуцыйны абавязак грамадзян і актыўная форма выканання імі свайго доўгу па абароне Айчыны. Праходжанне яе вызначаецца законам аб воінскім абавязку і ваен. службе і інш.заканад. актамі. На Беларусі воінская служба складаецца з абавязковай ваеннай службы і службы ў запасе. У некаторых краінах рэгламентуецца законамі аб воінскай павіннасці, а таксама кантрактамі, якія заключаюцца на пэўны тэрмін пры найме на воінскую службу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ДЧЫЦЫ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Быхаў — в. Новы Быхаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад г. Быхаў, 54 км ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Лудчыцы. 626 ж., 240 двароў (1999). Лесапільня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні. Каля вёскі група археал. помнікаў Лудчыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (17.3.1919, с. Дальнавідава Арлоўскай вобл., Расія — 24.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з ліп. 1941. Камандзір роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.: рота на чале з ім прарвала абарону каля в. Лудчыцы, авалодала вышынёй, 19 гадзін адбівала атакі праціўніка; загінуў у гэтым баі. Яго барэльеф і імя высечаны на стэле Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.