Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЧМАН (ад англ. midshipman карабельны чын),
воінскае званне (чын) у ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў. У ВМФ Расіі ў 1716—32 унтэр-афіцэрскі чын, у 1732—51 і 1758—1917 малодшы (першы) афіцэрскі чын, які адпавядаў паручніку ў арміі. У СССР у 1940—71 воінскае званне старшынскага складу ВМФ (гл. Старшына), у 1972—91 воінскае званне ў ВМФ і марскіх часцях пагран. войск, якое адпавядала званню прапаршчыка. У 1981 уведзена таксама званне старшага М. У Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краінах — воінскае званне курсантаў старшых курсаў ваен.-марскіх ВНУ.
т. 10, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПРА́ПАРШЧЫК,
воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. У Еўропе вядома з 16 ст. У Расіі ўведзена ў сярэдзіне 16 ст. для асоб, што камандавалі палкамі; як воінскае званне для камандзіраў палкоў «новага строю» — у 17 ст. Званне П. існавала ў войску Рэчы Паспалітай. П. называлі таксама камандзіраў палкоў ва Укр. казацкім войску, у т. л. ў Запарожскай Сечы. Ва Узбр. Сілах СССР уведзена ў 1935, у ВМФ для афіцэраў карабельнага саставу яму адпавядала званне капітана 1-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.
У.І.Свякла.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННАСЛУ́ЖАЧЫ,
асоба, якая знаходзіцца на абавязковай вайсковай службе. Кожнаму ваеннаслужачаму прысвойваецца званне воінскае. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя падзяляюцца на салдатаў, матросаў, сяржантаў, старшын, прапаршчыкаў, мічманаў, на афіцэрскі склад (малодшы, старшы, вышэйшы). Усе ваеннаслужачыя Узбр. Сіл Беларусі прымаюць прысягу ваенную.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРУ́ЧНІК,
1) обер-афіцэрскае званне (чын) у рас. арміі (з 1703), якое прысвойвалася пасля заканчэння ваен. вучылішча. У кавалерыі яму адпавядаў чын карнета, у казацкіх часцях — харунжага. Скасавана ў 1917.
2) Першаснае воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ў Польшчы, Японіі і інш.
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРО́С (ад галанд. matroos),
1) малодшае воінскае званне ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў свету; адпавядае званню радавы (салдат) у інш. відах узбр. сіл. Ёсць таксама званне старшы матрос; адпавядае званню яфрэйтар.
2) На суднах гандлёвага і інш. цывільнага флоту М. — пасада члена экіпажа (каманды).
т. 10, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДХАРУ́НЖЫ (ад харунжы),
воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У Расіі ўведзена ў 1880. У казацкіх войсках адпавядала званню падпрапаршчыка ў рэгулярных войсках. Прысвойвалася ўраднікам і вахмістрам, якія вытрымалі экзамен на афіцэрскае званне, але не атрымалі яго з-за недахопу вакансій або недастатковай выслугі гадоў.
т. 11, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт. Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).
т. 10, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)