МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),

1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.

2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт. Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.

3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)