Вормскі сабор 1/475 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вормскі канкардат 1122 5/80, 381

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,

кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,

заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.​Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),

пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).

Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл. Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),

прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл. Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп. калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл. Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)