ГЛАДКО́Ў (Фёдар Васілевіч) (21.6.1883, в. Чарнаўка Пензенскай вобл., Расія — 20.12.1958),
рускі пісьменнік. Друкавацца пачаў у 1900. За ўдзел у рэв. руху ў 1907 — 10 быў у ссылцы. Аўтар аповесцей «Удар» (1909), «Ізгоі» («У выгнанні», 1909, апубл. 1922), «Новая зямля» (1930); раманаў «Цэмент» (1925, новая рэд. 1930, перапр. 1944) — пра аднаўленне прамысловасці пасля грамадз. вайны, «Энергія» (1932—38, новая рэд. 1947) — пра буд-ва Днепрагэса, цыкла аўтабіягр. твораў: «Аповесць пра дзяцінства» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вольніца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Ліхалецце» (1954), «Мяцежнае юнацтва» (1956, не скончаны). Творы Гладкова на бел. мову перакладалі М.Зарэцкі, Я.Скрыган, А.Гурло, А.Дудар, Я.Шарахоўскі. У бел. перакладах выйшлі яго кнігі «Галаваногі чалавек», «Цэмент» (абедзве 1930), «Новая зямля» (1932), «Энергія» (1935), «Аповесць пра дзяцінства» (1952).
Тв.:
Собр. Соч. Т. 1—5. М., 1983—85.
Літ.:
Пухов Ю.С. Федор Гладков: Очерк творчества. М., 1983.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,
Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
Момот В.С. Д.Л.Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.
т. 10, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,
1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл. Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв. маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав. маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел. маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).
А.В.Красінскі.
т. 10, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)