ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
В.Л.Насевіч, В.П.Панюціч.
т. 4, с. 261
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АЗЯРЫ́ШЧАНСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
Азярышчанскае староства, дзярж. ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала прыкладна зах. палавіну сучаснага Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. ўздоўж р. Обаль (да ўпадзення ў яе р. Усыса). Першапачаткова Азярышчанская воласць у Віцебскім пав., кіравалася намеснікамі з віцебскага баярства. У 2-й пал. 15 ст. перападпарадкавана непасрэдна вял. князю. З сярэдзіны 16 ст. частка Азярышчанскай воласці на правым беразе р. Обаль у Полацкім ваяв. З гэтага часу Азярышчанская воласць у гіст. крыніцах наз. староствам. З 1582 ва ўмоўным уладанні кн. Друцкіх-Саколінскіх. Пры іх зах. частка Азярышчанскай воласці адасобілася ў самаст. Казьянскае староства, усх. ч. захавала назву Азярышчанскае (Езярышчанскае) староства. У 1772 Азярышчанская воласць адышла да Рас. імперыі і стала асн. ч. Гарадоцкага пав. У 19 ст. падаравана віцебскаму ваен. губернатару А.Вюртэмбергскаму і стала прыватным маёнткам.
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 173
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
Барысаўскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 330
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
Бабруйскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. 3 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс. сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 188
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
Гомельскае староства, буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г. Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г. дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 341
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАБРУ́ЙСКАЕ СТАРО́СТВА,
гл. ў арт. Бабруйская воласць.
т. 2, с. 187
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)