Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДКУП,
перадача дзяржавай прыватным асобам (адкупшчыкам) правоў на збор дзярж. прыбыткаў.
Існаваў пераважна ў дакапіталіст. фармацыях, калі не было развітога дзярж.-фін. апарату. Дзяржава, напр., аддавала на водкуп вытворчасць і рэалізацыю солі, алкагольных напіткаў, тытуню, збор мытнай пошліны, падаткаў з насельніцтва і інш. Быў пашыраны ў Францыі, Італіі, Іспаніі. У Расіі існаваў вінны водкуп і мытны водкуп. Адкупшчыкамі былі купцы, пасадскія людзі, іншаземцы. На Беларусі быў пашыраны вінны водкуп у гарадах. Парадак водкупу вызначала гарадское кіраўніцтва. З умацаваннем і цэнтралізацыяй дзярж. улады (18 ст.) водкуп змяніўся сістэмай акцызу (у Расіі з 1863), а ў асобных краінах (ЗША, Турцыя, Італія) захаваўся да пач. 20 ст.
т. 4, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,
сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
т. 4, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПШЧЫ́НА, капшчызна,
дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15—16 ст. за трыманне карчмы і продаж у ёй спіртных напіткаў (піва, мёду, гарэлкі). Памер К. вызначаўся вял. князем і вагаўся ад 0,5 капы (30 грошаў) да 2,5 капы (150 грошаў). Збіралася адзін раз у год спец. прызначанымі гаспадарскімі дваранамі. У некаторых выпадках вял. князь адмаўляўся ад К. на карысць ваявод, старостаў, гарадоў. З сярэдзіны 16 ст. паступова знікла з-за раздачы корчмаў на водкуп прыватным асобам. У каралеўскіх гарадах захавалася да 18 ст. ў выглядзе чопавага.
т. 8, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)