НІТРАМЕТА́Н,

найпрасцейшае нітразлучэнне аліфатычнага раду, CH3NO2. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю, tкіп 100,8 °C, шчыльн. 1137,1 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках (акрамя аліфатычных вуглевадародаў), маларастваральны ў вадзе. Вогне- і выбухованебяспечны. У прам-сці атрымліваюць дэструктыўным нітраваннем прапану канцэнтраванай азотнай к-той у паравой фазе (400—700 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнік для эфірацэлюлозных лакаў і смол, экстрагент араматычных вуглевадародаў, дабаўку да дызельнага паліва, высокакіпячае аднакампанентнае ракетнае паліва. Моцны яд, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 30 мг/м³.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ХАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.

Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЯНІ́Т, дыстэн,

мінерал падкласа ортасілікатаў, сілікат алюмінію Al2[SiO4]O. Прымесі жалеза (да 1%), хрому (1,8%), тытану (0,04%), вальфраму. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя слупкаватыя, радзей таблітчастыя, снопападобныя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер ад белага да блакітнага і густога сіне-зялёнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—7. Шчыльн. 3,5—3,7 г/см³. Утвараецца пры метамарфізме асадкавых парод, багатых гліназёмам, у зоне высокіх ціскаў, а таксама ў гранітных пегматытах. Сыравіна для вытв-сці вогне- і кіслотатрывалых матэрыялаў, алюмініевая руда. Радовішчы ў ЗША, Індыі (найбуйнейшыя), Бразіліі, Іспаніі, Аўстраліі і інш.

Кіяніт.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯНАВАЛАКНІ́СТЫЯ ПЛІ́ТЫ,

ліставы буд. матэрыял, адліты з драўнянай масы, часам з дабаўленнем спец. саставаў (сінт. смала, высыхальны алей, клей, бітумная паста і інш.), з далейшым гарачым прасаваннем або сушкай.

Вырабляюцца мокрым (у водным асяроддзі), паўсухім ці сухім спосабамі. Бываюць мяккія, паўцвёрдыя, цвёрдыя і звышцвёрдыя. Вогне-, вода- і біяўстойлівасць Д.п. павышаюць увядзеннем у іх склад вогнетрывалых напаўняльнікаў (напр., валокнаў азбесту), антыпірэнаў, насычэннем антысептычнымі сродкамі. Выкарыстоўваюцца як абліцовачны, цеплаізаляцыйны і канструкцыйны матэрыял у буд-ве, мэблевай прам-сці і інш. У Беларусі вырабляюцца з 1936 (звычайныя і пакрытыя эмалямі), даследуюцца ў Бел. тэхнал. ун-це і на прамысл. прадпрыемствах (напр., распрацаваны канструкцыі і тэхналогія вытв-сці абліцовачных Д.п. — т.зв. фанераізапліт).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).

Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш. Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)