ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,

у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел. танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел. нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.​Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.​Багадайка.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДКЕ́ВІЧ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 6.10.1943, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык, харэограф. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1961), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1981). З 1961 артыст балета Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 артыст балета, педагог-рэпетытар, рэжысёр-пастаноўшчык, маст. кіраўнік канцэртна-эстр. бюро Бел. філармоніі. З 1986 маст. кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вял. творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі нар. харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак: канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С.​Дрэчына», бел. нар. танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры» і інш. У пастаноўках апошніх гадоў стварае танц. нумары з драматург. развіццём у жанры «фольк-балет». Імкнецца працягваць традыцыі прафес. харэагр. мастацтва, закладзеныя А.Апанасенкам, С.Дрэчыным і інш.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,

бел. культ.-асв. т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.​Бусла і Я.​Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.​Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка (у чэрв.ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.​Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел. нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-ва была прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)