ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па кантролі вет.-сан. стану жывёл і якасці атрыманых ад іх прадуктаў або сыравіны. На Беларусі дзярж. ветэрынарна-санітарны нагляд ажыццяўляецца ўсімі вет. ўстановамі краіны і вет. інспектарамі адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў. У сферу ветэрынарна-санітарнага нагляду ўваходзяць жывёлагадоўчыя гаспадаркі і іх вытв. памяшканні, прадпрыемствы па забоі жывёл, перапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў (мясакамбінаты, птушкафабрыкі, халадзільнікі і інш.), працэсы нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, малочных прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, а таксама рынкі, выпасы, вадапоі, фуражныя склады, гнаясховішчы, трансп. сродкі, абсталяванне па доглядзе жывёл, кармы, бойні, утылізацыя трупаў жывёл. Па выніках ветэрынарна-санітарнага нагляду праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння антрапазаанозаў і інш. хвароб і своечасовае аказанне ветэрынарнай дапамогі.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

1) навуковая дысцыпліна, якая вывучае і распрацоўвае метады сан.-гігіенічнай ацэнкі прадуктаў жывёльнага паходжання. Накіравана на папярэджанне захворванняў людзей на хваробы, узбуджальнікі якіх перадаюцца праз харч. (мяса, малако, рыба, яйцы), кармавыя, сыравінныя (футра, шэрсць, пух, пер’е і інш.) прадукты жывёлагадоўлі. Сфарміравалася ў 20 ст. 2) Вызначэнне дабраякаснасці прадуктаў жывёльнага паходжання. Праводзяць на прадпрыемствах мяса-малочнай прам-сці, рынках, пунктах забою жывёлы. Кантроль за правільнасцю правядзення ветэрынарна-санітарнай вядуць органы дзярж. вет. інспекцыі (гл. Ветэрынарна-санітарны нагляд).

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускі ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут (1922—30) 3/63

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Віцебская губернская земская ветэрынарна-бактэрыялагічная лабараторыя 3/63; 12/518

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.

Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,

галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)