КАРВЕ́Т (франц. corvette),

1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.

2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.

3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.

Ветразевы карвет.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,

спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).

Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп. кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш. кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.

На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.​Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.​Канавалавым, Расія), В.​Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.​Страх і А.​Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Парусны спорт. Алімпійскія класы яхт: 1 — «470»; 2 — «Фін»; 3 — «Лятучы галандзец»; 4 — «Зорны»; 5 — «Тарнада»; 6 — «Солінг».

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)