АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЬЧУ́К (Сямён Абрамавіч) (25.9.1918, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 1941),

яўрэйскі паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Прапаў без вестак на фронце. Адзін з аўтараў «Зборніка вершаў» (1940). На бел. мову вершы Л. перакладаў А.Вялюгін.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Мікалай Сафронавіч) (крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л. 1967.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАНЕ́ЎСКІ (Сігізмунд Аляксандравіч) (1902, С.-Пецярбург — 13.8.1937),

палярны лётчык, Герой Сав. Саюза (1934). Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Гродзенскай губ. Скончыў ваен. школу марскіх лётчыкаў у Севастопалі (1925). У Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. Упершыню ажыццявіў пералёт з Севастопаля на Чукотку (1933) і беспасадачны пералёт з ЗША (г. Лос-Анджэлес) у Маскву (1936). Прапаў без вестак у час беспасадачнага пералёту Масква—Паўн. полюс—Нью-Йорк.

С.А.Леванеўскі.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял. Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.Маякоўскага «Добра!» (з В.Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст. Бел. т-рам юнага гледача імя Н.К.Крупскай, 1941), паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Блока, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Э.Вайнерта і інш.

Р.Ц.Лынькоў.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЕРУ́З (La Pérouse) Жан Франсуа дэ Гало

(Galaup; 22.8.1741, г. Альбі, Францыя — 1788),

французскі мараплавец. На ваенным флоце з 1756. У 1785—88 узначальваў кругасветнае падарожжа на фрэгатах «Астралябія» і «Бусоль». Экспедыцыя ўдакладніла контуры часткі ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, Усх. Азіі, адкрыла праліў паміж а-вамі Сахалін і Хакайда (гл. Лаперуза праліў), а-вы Манерон, Савайі. З Сіднея экспедыцыя накіравалася на Пн і прапала без вестак. У 1826 англ. капітан П.Дзілан і ў 1828 франц. мараплавец Ж.Дзюмон-Дзюрвіль знайшлі на в-ве Ванікора (з трупы Санта-Крус) і рыфах каля яго некаторыя рэчы экспедыцыі, а ў 1964 франц. экспедыцыя Брасара — рэшткі затанулага фрэгата.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)