ВЕСТАВЫ́
(старарус. які прыносіць вестку),
1) у арміі (флоце) Рас. імперыі салдат (матрос), які прызначаўся для сувязі, выканання даручэнняў афіцэра, суправаджэння яго ў паездках, догляду каня і да т.п.
2) У Сав. Арміі функцыі веставога выконваў ардынарац, які вылучаўся ў распараджэнне страявых камандзіраў у баявых умовах.
3) У савецкім і сучасным рас. ВМФ на караблі веставы — матрос, прызначаны для абслугоўвання кают-кампаніі афіцэраў (мічманаў і старшын звыштэрміновай службы).
т. 4, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́РАЦ
(ад ням. Ordonnanz веставы),
у рускай арміі — ваеннаслужачы афіцэр, унтэр-афіцэр, радавы, прызначаны ў распараджэнне камандуючага (камандзіра) або штаба для выканання іх даручэнняў. Ардынарцы вылучаліся таксама ў распараджэнне ганаровых асоб, якія прыбылі ў войскі, і ў ганаровыя варты. У канцы 19 ст. пры пяхотных палках былі каманды конных ардынарцаў. У Сав. Арміі ардынарцы (звычайна з радавых) вылучаліся ў распараджэнне страявых камандзіраў толькі ў ваен. час.
т. 1, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНШЧЫ́К,
1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.
2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)