КАЛЬВІ́Н ((Calvin) Жан) (10.7.1509, г. Нуаён, Францыя — 27.5.1564),

дзеяч Рэфармацыі, заснавальнік кальвінізму. Вывучаў багаслоўе ў Буржы, права ў Парыжы і Арлеане. Апрача тэалогіі ведаў стараж. мовы, мастацтва, меў ступень доктара правазнаўства. Пад уплывам ідэй М.​Лютэра і Эразма Ратэрдамскага адрокся ад каталіцкай веры, прыняў пратэстанцтва. З 1536 у Жэневе, узначаліў новую царк. арг-цыю, якая фактычна падначаліла свецкую уладу (23 гады К. быў «жэнеўскім папам»).

Яго ўлада грунтавалася на тэакратычным дыктаце кальвінізму, строгім рэгламентаванні грамадскага і асабістага жыцця вернікаў. Выкаранялася ўсякае вальнадумства, праціўнікі вучэння жорстка праследаваліся (у 1533 быў пакараны смерцю ісп. вучоны М.​Сервет). У сваім вучэнні, выкладзеным у кн. «Навучанне хрысціянскай веры» (1536), у прамовах і памфлетах К. зыходзіў з абсалютнага прадвызначэння лёсу чалавека. Лічыў, што жыццёвыя ўдачы спадарожнічаюць «выбраннікам» божым, а няўдачы сведчаць пра тое, што чалавек асуджаны Богам. Дзейнасць К. спрыяла распаўсюджванню пратэстантызму ў Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Наставление в христианской вере. Т. 1, кн. 1—2. М., 1997.

А.​А.​Цітавец.

Ж.Кальвін.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,

«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.​Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.

Літ.:

Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.

У.​М.​Свяжынскі.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ВА (Вера Фёдараўна) (20.3.1905, г. Растоў-на-Доне, Расія —3.3.1973),

руская пісьменніца. З 1933 пісала п’есы. Першая аповесць — «Сям’я Піражковых» (1945, у новай рэд. «Еўдакія», 1959; аднайм. фільм, 1961). Аповесць «Спадарожнікі» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; кінафільм «Цягнік міласэрнасці», 1964; тэлефільм «На ўсё астатняе жыццё», 4 серыі, 1975) пра Вял. Айч. вайну. У раманах «Кружыліха» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Поры года» (1953, кінафільм «Высакосны год», 1962), аповесці «Сярожа» (1955, аднайм. кінафільм, 1960) і інш. сац.-маральныя канфлікты, псіхал. аналіз сучасных характараў і адносін. «Сентыментальны раман» (1958, аднайм. фільм, 1976) пра пакаленне 1920-х г. Аўтар аповесці з жыцця пасляваен. вёскі «Ясны бераг» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), цыкла гіст. аповесцей, рамана-казкі «Каторая гадзіна? Сон у зімовую ноч» (апубл. 1981), п’ес «Завея» (1957), «Провады белых начэй» (1961), «Колькі гадоў, колькі зім!» (1966, усе паст.), кн. «Пра маё жыццё, кнігі і чытачоў» (апубл. 1975), апавяданняў, кінасцэнарыяў і інш. Пісала для дзяцей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1987—89;

Жизнь Мухаммеда. М., 1991 (разам з Ю.​Б.​Вахціным).

Літ.:

Нинов А.А. Вера Панова: Жизнь. Творчество. Современники. Л., 1980;

Воспоминания о Вере Пановой: Сб. М., 1988.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)