ГУТА́ЦЫЯ (ад лац. gutta кропля),

выдзяленне раслінамі лішку кропельнавадкай вады і солей праз вадзяныя вусцейкі — гідатоды. Назіраецца ў многіх, асабліва травяністых раслін, у цёплае і вільготнае надвор’е, калі запаволена транспірацыя (напр., у суніцы, гусялапкі, вербаў, таполяў і інш.).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́САК,

кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЁЎСКІ ((Beniowski) Маўрыцы Аўгуст) (1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),

польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.

Літ.:

Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;

Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;

Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;

Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.М.Елсукоў, А.А.Кожынава, В.А.Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)