збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н.перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁД,
салодкае, сіропападобнае рэчыва, якое пчала меданосная выпрацоўвае з нектару кветак; прадукт харчавання, корм для пчол. Падзяляюць на натуральны (кветачны, падзевы мёд), экспрэсны, які пчолы выпрацоўваюць з цукр. сіропу ці натуральнага М. з лек. дабаўкамі) і штучны (без удзелу пчол; шляхам інвертавання цукрозы сернай к-той пры выпарванні соку кавуна, дыні, гарбуза, цукр. буракоў, вінаграду). У залежнасці ад меданосных раслін бывае ліпавы, грэчкавы, верасовы і інш. Каларыйнасць М. 315—335 ккал на 100 г. У спелым кветачным М. ў сярэднім да 20% вады, 75% вугляводаў (30—40% фруктозы, 25—37% глюкозы, 0,4—1,3% цукрозы) і каля 5% інш. рэчываў [амінакіслоты, ферменты, мінер. рэчывы, вітаміны (B2, PP, C, B6 і інш.), антыбактэрыяльныя рэчывы]. Пры захоўванні крышталізуецца, пры гэтым харч. і лек. якасці зберагаюцца. Бывае алергія да М.; магчымы атручэнні, калі пчолы сабралі нектар з кветак ядавітых раслін (напр., аканіту, багуну). Ужываецца ў лек. мэтах.