ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНАПУ́НКЦЫЯ,
падскурнае ўвядзенне іголкі ў вену для выцягвання з яе крыві ці ўлівання ў яе лек. раствораў, крыві, кровазаменнікаў і інш. Выкарыстоўваюць паверхневыя вены локцевага згібу, кісці, перадплечча. Пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі робяць пункцыйную катэтэрызацыю магістральных вен (сцягновых, падключычных і інш.). У дзяцей венапункцыю робяць у цэнтр. вены, у нованароджаных і грудных дзяцей — у вены галавы. Ускладненні: гематомы, флебіт і трамбоз вены, памылковая пункцыя і інш.
т. 4, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНАСЕ́КЦЫЯ,
раскрыццё прасвету вены разрэзам для ўвядзення ў яе канюлі, іголкі ці катэтэра. Робяць венасекцыю пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі і дрэнна выяўленых венах для ўнутрывеннага ўвядзення лек. прэпаратаў, крыві, кровазаменнікаў або для дыягнастычных даследаванняў. Выкарыстоўваюць вены локцевай ямкі, ступні, радзей падскурную вену бядра. Пры венасекцыі магчымы ўскладненні (трамбіраванне канюлі, флебіт, інфіцыраванне раны, тромбафлебіт, поўнае перасячэнне вены і інш.).
т. 4, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫКАЦЭ́ЛЕ
[ад лац. varix (varicis) уздуцце на венах + грэч. kēlē пухліна],
варыкознае расшырэнне вен семявага канаціка ў чалавека і жывёл. У мужчын узнікае пераважна ў маладым узросце, часцей у перыяд палавога выспявання. Суправаджаецца непрыемным адчуваннем у вобласці машонкі, цягучым болем у яечках і пахвіне, які ўзмацняецца пры фіз. нагрузцы, палавым узбуджэнні. Магчымы парушэнні палавой функцыі і сперматагенезу (алігазааспермія), бясплоднасць.
Варыкацэле развіваецца пры парушэнні адтоку крыві з яечкавай вены, часцей злева. Адпаведная палавіна машонкі павялічаная, вылучаюцца гронкападобныя вузлавата-расшыраныя вены семявага канаціка. Паступова развіваецца атрафія яечка. Лячэнне хірургічнае.
т. 4, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁНКА,
аддзел задняй канечнасці ў земнаводных і наземных пазваночных, нагі ў чалавека паміж сцягном і ступнёй. Шкілет галёнкі складаюць вяліка- і малагалёначныя косці, якія зверху сучляняюцца, на працягу і канцах злучаны звязкамі. Мышцы галёнкі падзяляюцца на 3 групы: пярэднюю (складаецца з разгінальнікаў ступні і пальцаў), вонкавую (мышцы, што згінаюць, адводзяць і паварочваюць ступню), заднюю (згінальнікі пальцаў, ступні, галёнкі). Кровазабеспячэнне галёнкі адбываецца з разгалінаванняў падкаленнай артэрыі; паверхневыя вялікая і малая падскурныя вены і глыбокія вялікагалёначныя вены забяспечваюць адток крыві ад галёнкі. Галёнка членістаногіх — членік нагі паміж сцягонцам (у насякомых) ці каленным членікам (у павукападобных) і лапкай, звычайна членістай.
т. 4, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫ́Т
(грэч. askitēs літар. ацёчны),
намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я
(ад аўта... + гема... + тэрапія),
метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНДА́ЎЭР
(Brandauer; сапр. Штэнг; Steng) Клаўс Марыя (н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),
аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, П.Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».
т. 3, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕМ
(Bem) Юзаф (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),
польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.
т. 3, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦ
(Graz),
горад на ПдУ Аўстрыі, у перадгор’ях Штырыйскіх Альпаў, на р. Мур. Адм. ц. зямлі Штырыя. Гар. правы з 1281. 237,8 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Вены) па велічыні і эканам. значэнні горад краіны. Трансп. (аўта- і вагонабудаванне), с.-г. машынабудаванне; вытв-сць вырабаў дакладнай механікі і оптыкі; эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, папяровая, гарбарная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1586). Музей Штырыі, першы ў свеце музей крыміналістыкі. Арх. помнікі 13—18 ст., епіскапскі палац (13 ст.), Ландгаўз (16 ст.) і інш.
т. 5, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)