АЛЕА́НДР (Nerium),

род раслін сям. кутравых. 3 віды ў Міжземнамор’і і субтропіках Азіі. Алеандр звычайны (N. oleander) вырошчваюць на Пд Крыма, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі — як пакаёвую расліну.

Вечназялёныя кусты выш. 2—6 м. Лісце вузкае, ланцэтападобнае, супраціўнае. Кветкі яркія, простыя або махровыя, буйныя, духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Венчык чырвоны, ружовы, белы ці жоўты. Плады — шматнасенныя лістоўкі. Размнажаюцца чаранкамі і насеннем. Дэкар. віды. Атрутныя. Прэпараты з лісця алеандра звычайнага выкарыстоўваюцца пры парушэннях сардэчна-сасудзістай дзейнасці.

Кветка алеандра.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л,

чырвоны карал (Corallium rubrum), кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.

Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІЛІ́К (Ocimum),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.

Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. Прам-сці.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́І членістыя

(Articulata),

падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.

Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія лілеі: 1 — стэфанаметра; 2 — лампраметра.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

кухонны, сталовы і тарны посуд 10—18 ст., знойдзены пры археал. раскопках г. Заслаўя і Заслаўскага курганнага могільніка (Мінскі р-н). У 10—14 ст. выраблялі пераважна гаршкі для хатняга ўжытку, якія аздаблялі лінейным рыфленнем, хвалістымі лініямі, зігзагамі, касымі або прамымі насечкамі і інш. У 10 ст. арнаментавалі ўсё тулава гаршка, пазней — частку ад шыйкі да сярэдзіны тулава або толькі плечукі пасудзіны. У некат. вырабах дэкарыравалі толькі венчык. У 16—18 ст. асартымент посуду значна пашырыўся. Выраблялі танкасценны сталовы посуд (макотры, міскі, талеркі, чаркі і інш.) з высакаякаснай глінянай масы. Унутр. паверхню большасці вырабаў палівалі, знешнюю аздаблялі ангобам; некат. з іх палівалі звонку і знутры. Дэкарыравалі пераважна верхнюю частку вырабаў лінейным ці хвалістым арнаментам, валікамі, зашчыпамі, кветкавым узорам. У канцы 17—18 ст. выраблялі эмаліраваны керамічны посуд. З 18 ст. пашыраны чорназадымлены глянцаваны посуд. Для З.к. 16—18 ст. характэрны стандартызацыя і уніфікацыя форм посуду, блізкасць да мінскай керамікі.

Літ.:

Заяц Ю.А. Керамическая посуда Заславля X—XVIII вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993;

Яго ж Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.А.Заяц.

Заслаўская кераміка 10—11 ст.
Заслаўская кераміка. Гаршчок 15 ст. (злева); посуд 17—18 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)