Венерын чаравічак (від раслін) 1/472, гл. Чаравічак
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РЫН ЧАРАВІ́ЧАК (Cypripedium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я: 1 від трапляецца ў Мексіцы. На Беларусі вельмі рэдка ў шыракалістых, хвойных і мяшаных лясах трапляецца венерын чаравічак сапраўдны, або жоўты (Cypripedium calceolus), які занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, таксама трапляліся буйнакветкавы (Cypripedium macranthon) і плямісты (Cypripedium guttatum), якія лічацца зніклымі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі ўзыходнымі сцёбламі выш. да 50 см і гарызантальным карэнішчам. Лісце простае, шырокаавальнае або эліпсоіднае. Кветкі вялікія, адзіночныя або сабраныя па 2—3 у гронкі, рознай афарбоўкі і арыгінальнай формы (мехападобна ўздутая губа калякветніка нагадвае чаравічак, адсюль назва). Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Адыянтум венерын волас 8/88—89 (укл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),
тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).
Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯ́НТУМ (Adiantum),
род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).
Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.
Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСТАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.
Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.